Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

насьцю: — а вы-ж вось думалі, што куды больш, ці-ж ня праўда?

Маладыя людзі засьмяяліся.

— Калі-б у мяне спыталіся датычна вашага веку, — сказаў яе сусед, — дык я моцна хістаўся-б паміж трынаццацьма і дваццаць трома. Праўда, інады вы здаецеся зусім-такі дзіцянём, а разважаеце часам, як дасьведчаная бабуля.

— У сур’ёзных справах, Гаўрыла Пятровіч, трэба і разважаць сур’ёзна, — вымавіла маленькая жанчына дактаральным тонам, ізноў бяручыся за работу.

Усе на мінуту сьціхлі. Эвэлініна іголка роўна захадзіла па вышыўцы, а маладыя людзі аглядалі з цікаўнасьцю міньятурную фігуру добраразумнае асобы.


IV.

Эвэліна, ведама-ж, значна вырасла і разьвілася ад часу першае сустрэчы з Пётрай, але студэнтава ўвага датычна яе выгляду была зусім справядліваю. Пры першым паглядзе на гэтае невялікае, худашчавае стварэньнечка здавалася, што гэта яшчэ дзяўчынка, але ў яе непасьпешлівых, разьмераных рухах сказвалася нярэдка соліднасьць жанчыны. Тое самае ўражаньне рабіў і яе твар. Гэткія твары бываюць, здаецца, толькі ў славянак. Правільныя прыгожыя рысы занатованы плаўнымі, халоднымі лініямі; блакітныя вочы пазіраюць роўна, спакойна; румянец рэдка зьяўляецца на гэтых белых шчоках, але гэта ня тая звычайная бледнасьць, якая штомінуты гатова загарэцца полымем палючай палкасьці; гэта хутчэй халодная бель сьнегу. Простыя сьветлыя валасы Эвэліны ледзь-ледзь адценьваліся на мармуровых віскох і спадалі цяжкаю касою, як быццам адцягваўшаю назад яе галаву падчас хады.