Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

ла азірнуцца, як размова ізноў перайшла на асьцярожныя тэмы. Як гэта здарылася, хто пачаў першы, — ні яна дый ніхто ня мог-бы сказаць. Гэта выйшла таксама незаўважна, як незаўважна патухла зарніца і пасадзе распаўзьліся вячэрнія цені, як незаўважна завёў салавей у кустох сваю вячэрнюю песьню.

Студэнт гаварыў палка, з тым асаблівым юнацкім палам, які кідаецца насустрэчу невядомай будучыні без рахунку і без развагі. Была ў гэтай веры ў будучыню з яе цудамі нейкая асаблівая чараваўшая сіла, ледзь што й непераможная сіла прывычкі…

Маладая дзяўчынка зачырванелася, зразумеўшы, што гэты выклік, быць можа, без сьвядомага разьлічаньня, быў зьвернуты проста да яе.

Яна слухала, нізка схіліўшыся над работаю. Яе вочы заіскрыліся, шчокі загарэліся чырваняй, сэрца стукацела… Пасьля бліск вачэй патух, губы сьціснуліся, а сэрца застукацела яшчэ мацней, і на зьбялеўшым твары зьявіўся выраз перапуду.

Яна спалохалася таму, што перад вачыма быццам расступілася цёмная сьцяна, і ў гэты просьвет бліснулі далёкія пэрспэктывы вялізнага, кіпучага і дзейнага сьвету.

Але! ён вабіць яе ўжо даўно. Яна не ўсьведамляла сабе гэтага раней, але ў цені старога саду, на адзінотнай лаўцы, яна няраз праседжвала цэлыя гадзіны, аддаючыся нябывалым лятуценьням. Уяўленьне малявала ёй ясныя далёкія абразы, і ў іх ня было месца сьляпому…

Цяпер гэты сьвет зрабіўся бліжэйшым да яе; ён ня толькі вабіць яе, ён заяўляе на яе нейкае права.

Яна быстра глянула ў Пётраў бок, і штосьці закалола ёй у сэрца. Ён сядзеў нярухомы, задуманы; уся яго фігура здавалася ацяжэўшаю і засталася ў яе памяці цёмнаю плямаю. „Ён разу-