Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

— Слухай, Вэля, — загаварыў ён, узяўшы яе за руку. — Там толькі што казалі: у вялікіх местах дзяўчаты вучацца ўсяго, перад табою таксама магла-б адкрыцца шырокая дарога… А я…

— А што-ж ты?

— А я… сьляпы! — закончыў ён зусім нелёгічна.

Ды ізноў яму ўспомнілася дзяцінства, ціхі плёхат ракі, першае знаёмства з Эвэлінаю і яе горкія сьлёзы пры слове „сьляпы“… Інстынктыўна адчуў ён, што цяпер ізноў прычыняе ёй гэткую-ж самую рану, і супыніўся. Некалькі сэкундаў стаяла цішыня, толькі вада ціха і ласкава зьвінела ў шлюзах. Эвэліны зусім ня было чуваць, як быццам яна зьнікла. Па яе твары сапраўды прабегла сударга, але дзяўчына запанавала над сабою і, калі яна загаварыла, дык голас яе зьвінеў бясьпечна і жартаўліва:

— Дык што-ж, што сьляпы? — сказала яна, — але-ж калі дзяўчына палюбіць сьляпога, дык і пайсьці трэба за сьляпога… Гэта ўжо заўсёды так бывае, што-ж нам рабіць?

— Палюбіць… — добра ўдумаўшыся паўтарыў ён і бровы яго стуліліся, — ён услухваўся ў новыя для яго гукі знаёмага слова… — Палюбіць? — перапытаў ён з нарастаўшым неспакоем…

— Ну, але! Ты і я, мы абое любім адно аднаго… Які ты дурны! Ну, падумай сам: ці-ж мог-бы ты тут астацца адзін, без мяне?

Твар яго адразу зьбялеў і цёмныя вочы супыніліся, вялікія і нярухомыя.

Было ціха: толькі вада ўсё гаварыла аб нечым, булькочучы і звонячы. Часамі здавалася, што гэты гоман слабее і вось-вось сьціхне; але зараз-жа ён ізноў падвышаўся ды ізноў зьвінеў без канца і перарыву. Густая чаромха шаптала цёмным лісьцьцём; песьня каля хаты сьціхла, але за тое над ставам салавей заводзіў сваю…