сялянкамі (ідыліямі, як, напрыклад, „Kupalo" Петрашкевіча, дзе Палахна, Арынка і Аніска гавораць пэрыодычнаю моваю, уласьціваю інтэлігенцыі, а ня простаму народу).
Адзначым яшчэ спробу выкарыстаньня тых мотываў, якія сустракаюцца ў беларускай народнай творчасьці (Яна Чачота - Przez me podworze cieciera leciala; nie dales, boze, kogom sobie chciala).
Такім чынам, мы можам сказаць, што, хаця філёматы й імкнуліся стаць бліжэй да прыроды, змагацца з усім ненатуральным, але ўсё такі нават у іх уласных творах ёсьць яшчэ шмат чаго штучнага, умоўнага.
Толькі даволі рэдка сустракаецца ў іх пясьнярстве сапраўды нешта сьвежае, ня кніжнае, нешта ўзятае з самае гушчыні жыцьця.
Ідэал прастаты й натуральнасьці (хто простым крокам заўсёды йдзе ў сваім жыцьці—Kto proste w zyciu swoim zawsze stawia kroki. Першая маёўка. Радок 152) часам бывае недасяжным для філёматаў. Прастатою адзначаюцца вершыкі на розныя аказіі, на імяніны, на розныя іншыя ўрачыстыя дні, але затое вельмі часта гэта саўсім не пясьнярства, а вершаваная проза.
Азнаёміўшыся цяпер з ідэалёгіяю філёмацкага гуртка, скажам некалькі слоў аб яго організацыі. Уласна кажучы, гурток пад назваю „таварыства філёматаў" існаваў ужо ў пачатку дзевятнаццатага сталецьця сярод віленскага студэнцтва. Але аднаўленьне гэтага таварыства адбылося дзякуючы пачыну шасьцёх студэнтаў: Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Францішка Малеўскага, Яна Чачота, Нупрэя Петрашкевіча і Адама Міцкевіча.
1-га кастрычніка 1817-га году гэтыя шэсьць студэнтаў залажылі гурток філёматаў (такая назва, напэўна, была ўзята ў памяць даўнейшага філёмацкага гуртка). Даўнейшыя філёматы сярод сваіх сяброў мелі і профэсараў, новы гурток быў выключна студэнцкі. Сапраўднага навуковага таварыства, на кшталт варшаўскага Towarzystwa Przyjaciol Nauk (аб чым лятуцелі даўнейшыя філёматы), новыя ня мелі на ўвазе. Але як даўнейшыя, гэтак сама й новыя філёматы дапамагалі адзін аднаму ў творчасьці навуковай ды пясьнярскай, бо творы паасобных аўтараў уважна разглядаліся на сходах.
Старшынёю гуртка быў выбран Язэп Яжоўскі. Сходы адбываліся што два тыдні, а ў разе патрэбы—і часьцей. На гэ-