тых сходах чыталі літаратурныя працы, пры гэтым найбольш сачылі за чыстатою мовы. Абгаварвалі пытаньні адносна сродкаў, якія дапамагалі-б пашырэньню асьветы і братэрскіх пачуцьцяў сярод моладзі, падтрымлівалі-б нацыянальны дух, самаахвярнасьць, абычайнасьць, пашану да ўнутраных вартасьцяй і пагарду да надворных пераваг.
Новых сяброў прымалі з асьцярожнасьцю. Хацелі выбраць найлепшых студэнтаў. Такім парадкам праз два гады выбралі толькі яшчэ восем новых філёматаў: Яна Сабалеўскага, Язэпа Кавалеўскага, Мар'яна Пясэцкага, Вінцэнта Будрэвіча, Казакевіча, Ігната Дамэйку, ксяндза Хлявінскага і невядомага нам чалавека з Беластоку.
Калі лічыць філярэтаў і прамяністых органічным працягам філёматаў, дык таварыства існавала б год (да кастрычніка 1823 г., бо тады расійская ўлада зруйнавала студэнцкія гурткі).
Бязумоўна, гэта ня быў нейкі выразна проціўрадавы гурток,—там і думкі нават не паўставала аб тэрорыстычных замахах або аб збройным выступе ў бліжэйшы час. Мэты былі наступныя: шляхам асьветы разьвіць політычную, грамадзкую і нацыянальную сьвядомасьць, палепшыць абычаі, атрымаць навуковую і тэхнічную перавагу над уцекачамі,—і тады ўжо, калі-б былі памысныя абставіны, здабыць сабе свабоду.
Магчыма, што былі пэўныя надзеі на натуральны расклад, распад царызму (Upadl polak, z kolei moze moskal padnie. - Apollo po koledzie. Радок 103).
Ідэёвы бок гуртковае працы мы ўжо ведаем. Назольная, часам нават нудная дыдактычнасьць была заўважана, здаецца, некаторымі сябрамі. У процівагу гэтаму зьяўляюцца жартлівыя творы, часам нават з не саўсім прыгожымі, занадта пікантнымі выразамі.
Ці зьвярталася ўвага на мастацкі бок філёмацкіх твораў? Зьвярталася,—мы маем падрабязны аналіз Міцкевічавага перакладу „Орлеанскае Дзевы", выкананы Янам Чачотам. Хібы, памылкі прыяцеляў выяўляліся бязьлітна. Адзін з філёматаў часта ўжываў у сваіх творах слова ono. Яго адразу-ж высьмеялі ў вершах. Іншы малады пясьняр шмат чаго цярпеў за выраз i te, ужыты ў канцы вершу з націскам на i, ды гэтак далей.