Соцыяльнае пытаньне не выступала тады на першы плян. Недарэчнасьць (ужо для таго моманту) прыгоннае гаспадаркі адчувалася даволі нявыразна.
Падчас маёўкі 6-га траўня 1820 году правадыр віленскага студэнцтва Тамаш Зан, сапраўды, дэклямаваў нейкі програмнага зьместу верш, дзе было сказана: „Daj wolnosc chlopom: bedziesz szczesliwy, bogaty“, але да Ганібалявае прысягі, да вострае, палючае нянавісьці, да актыўнае барацьбы з прыгонным ладам адгэтуль было яшчэ вельмі далёка.
Такім чынам, мы можам адзначыць ідэолёгію беларускае шляхоцкае моладзі таго часу наступным спосабам.
Змаганьне за свабоду—за вольнасьць політычную—за самакіраваньне краіны, за рэлігійную талерантнасьць (змаганьне проціў клерыкальнага фанатызму) і, урэшце, барацьба проціў старых літаратурных формаў. Гэтая апошняя зьява— імкненьне да свабоды ў галіне пясьнярства—тады мела вялікае значэньне, бо клясычныя ланцугі душылі ў самым зародку вольнае разьвіцьцё пясьнярскае індывідуальнасьці.
Мы ўвесь час гаворым аб шляхоцкай моладзі. Гэта дзеля таго, што сялянства ды мяшчанства тады не маглі яшчэ працаваць на культурнай ніве, бо правы на асьвету, дый фактычныя яе магчымасьці, былі ў іх вельмі абмежаваны (выключэньні, якім удалося атрымаць хаця-б ніжэйшую асьвету— Паўлюк Бахрым ды інш., зразумела, цікавы, але на ход гісторыі ўплыву амаль што ня мелі). Духавенства як каталіцкае, таксама вуніцкае ды праваслаўнае было пад уплывам шляхты і падзяляла яе культурныя нахілы,—адным словам паняцьці: асьвечаная шляхта ды інтэлігенцыя тады блізка што супадалі.
У гісторыі беларускае культуры нельга ня прыняць пад увагу значэньня студэнцкіх гурткоў у першай палове дзевятнаццатага веку.
Ня лічачы Полацкае школы з клерыкальным адценьнем, дасьледчык культуры павінен найбольш увагі зьвярнуць на Горацкую Сельска-Гаспадарчую Акадэмію ды на Віленскі Унівэрсытэт.
Студэнтам Горацкае Акадэміі прыпісваецца колектыўнае праца—„Тарас на Парнасе". Лібэральны нахіл Горацкага студэнцтва прывёў яго шмат год пазьней да адкрытага конфлікту з урадам,—але гэта не ўваходзіць у тэму нашае гутаркі. Адзна-