Таго-ж самага, відавочна, хацелася ім дасягнуць і ў апісаньнях людзкога быту. Але тут, зразумела, справа больш складаная.
Адышоўшыся ад старых клясычных формаў ды ўзораў (хаця шмат яшчэ пішучы на антычныя тэмы аб Тыртэі, Арыёне, Сапфо, даючы нават пераклады з Піндара ды з Горацыя), філёматы працуюць найбольш у сэнтымэнтальна-романтычным кірунку. Гэтыя напрамкі: сэнтымэнтальны (пачуцьцёвасьць) ды романтычны (імкненьне знайсьці рысы нацыянальнага духу ў легендах роднае зямелькі) у нашых філёматаў аб'ядняюцца ў адну суцэльнасьць, як гэта было і ў некаторых іншых літаратурах. Поэзія філёматаў мае вызначаны літаратурны кірунак, яна мае свой уласны твар.
Але для глыбокага разуменьня псыхолёгічных зьяў трэба мець шмат назіраньняў. Філёматы-ж былі вельмі маладыя людзі. Адмовіўшыся ад клясычных узораў, яны думалі пракласьці сабе новы шлях у пясьнярстве. Вывучэньне быту і псыхолёгіі патрабуе шмат назіраньняў, даволі значнае колькасьці часу. Філёматы-ж пісалі сьпешна (у пэўных выпадках). Трэба шчыра сказаць, што ў гэтым сэнсе філёматы не перамаглі псэўдаклясыкаў.
У ідылічным вершы Нупрэя Петрашкевіча „Wloek i Wawrek“ пастух Добэк, каб давесьці сваю вернасьць пастушцы Друхне, скача праз купальскі агонь і паліцца жыўцом. Ян Чачот у сваім творы „Malgorzata z Zembocina“ апісвае, як нейкі Сьцяпан юрліва прасьледвае жонку Мікалая—Малгосю, але, праканаўшыся ў шчырасьці каханьня маладых шчасьлівых людзей, адразу сароміцца, адмаўляецца ад сваіх нягодных замераў і здавольваецца, спагадаючы іх радасьці. Гэта было-б добра, калі-б гэткая раптоўная зьмена настрою ды нават усяго сьвета погляду была натуральнаю.
Такім парадкам, у сэнсе псыхолёгічнага аналізу каштоўнасьць уласных філёмацкіх твораў невялікая. Нават той пісьменьнік, які пасьля праславіў беларускае ймя—Адам Міцкевіч, апроч добрых перакладаў, нічым яшчэ не адзначаецца ў гэтым кругабезе сваёй дзейнасьці.
Але першыя крокі дзеячоў якога-небудзь новага напрамку часта бываюць цікавы не ўтварэньнем новага ладу, а руйнаваньнем старога. Філёматы абсьмяхалі клясычныя ўмоўнасьці