стары ваяка ляжаць на баку каля казацкіх кругоў, слухаючы расказы пра розныя бывалыя здарэньні і казацкія паходы. Ніколі не мяшаўся ён у іхнія гутаркі, а ўсё слухаў і прыціскаў пальцам попел у сваёй кароценькай люльцы, якое не выпушчаў з рота, і доўга сядзеў ён пасьля, прыплюшчыўшы крыху вочы, і ня ведалі казакі, ці спаў ён, ці ўсё яшчэ слухаў. Усе паходы заставаўся ён дома, але гэтым разам разабрала старога. Махнуў рукою паказацку і сказаў: — „А ня куды пайшло! Пайду й я: мо’ ў чым-нібудзь буду патрэбны казацтву!“ Усе казакі прыціхлі, калі выступіў ён цяпер перад сходам, бо даўно ня чулі ад яго ніякага слова. Кожны хацеў ведаць, што скажа Баўдзюг.
— Прыйшла чарга і мне сказаць слова, панове браты! — гэтак пачаў ён. — Паслухайце, дзеці, старога. Мудра сказаў кашавы; і, як галава казацкага войска, абавязаны сьцерагчы яго і рупіцца аб вайсковым скарбе, мудрэйшага нічога ён ня мог сказаць. Вось што! Гэта хай будзе першая мая прамова! А цяпер паслухайце, што скажа мая другая прамова. А вось што скажа мая другая прамова: вялікую праўду сказаў і Тарас палкоўнік, дай, Божа, яму якнайбольш веку, і каб гэткіх палкоўнікаў было якнайбольш на Украіне! Першы доўг і першы гонар казака ёсьць датрымаць таварыства. Колькі ні жыву я на вяку, а ня чуў я, паны-браты, каб казак пакінуў дзе, або прадаў як-нібудзь свайго таварыша. І тыя і гэтыя нам таварышы — менш іх ці больш, усё роўна, усе таварышы, усе нам дарагія. Дык вось якая мая прамова: тыя, якім мілыя захопленыя татарамі, хай ідуць за татарамі, а якім мілыя забраныя ў палон ляхамі і якім ня хочацца пакінуць справядлівае справы, хай застаюцца. Кашавы паводле даўгу пайдзе з аднэю палавінаю за татарамі, а другая палавіна выбера сабе наказнога атамана. А наказным атаманам, калі хочаце паслухаць белае галавы, нягожа быць