датуль. Страшна глядзела яна шырокаю ляпаю, і тысяча сьмерцяў пазірала адтуль. І як бахнула яна, а за ёю сьледам тры іншыя, чатырохразова страсянуўшы глуха-адказвальную зямлю, — шмат нарабілі яны гора! Не па адным казаку заплача старая маці, б’ючы сябе касьцістымі рукамі ў худыя грудзі, не адна застанецца ўдава ў Глухаве, Няміраве, Чарнігаве і іншых местах. Будзе, бедная, выбягаць кожны дзень на рынак, хапаючыся за ўсіх, хто будзе праходзіць, распазнаючы кожнага з іх у вочы, ці няма сярод іх аднаго, наймілейшага за ўсіх; але шмат прайдзе праз места рознага войска і вечна ня будзе паміж імі аднаго, наймілейшага за ўсіх.
Так, як быццам і ня было палавіны Незамайкаўскага курэня! Як градам выбівае раптам усю ніву, дзе, як поўнаважкі чырвонец, харашэў кожны колас, гэтак іх выбіла і палажыла.
Як-ка ж заварушыліся казакі! Як схапіліся ўсе! Як закіпеў курэнны атаман Кукубенка, убачыўшы, што лепшае палавіны курэня яго няма! Убіўся ён з рэштаю сваіх незамайкаўцаў у самую сярэдзіну. У гневе пашаткаваў на капусту першага, які папаўся, шмат якіх коньнікаў зьбіў з коняй, дастаўшы дзідаю і коньніка і каня, прабраўся да гарматнікаў і ўжо адбіў адну гармату; а ўжо там, бачыць, стараецца уманскі курэнны атаман, і Сьцяпан Гуска ўжо адбівае галоўную гармату. Пакінуў ён тых казакоў і павярнуў з сваімі ў іншую варожую гушчу: гэтак, дзе прайшлі незамайкаўцы — дык там і вуліца! дзе павярнулі — дык ужо там і завулак! Так і відаць, як радзелі рады і снапамі валіліся ляхі! А каля самых вазоў Ваўтузенка, а сьпераду Чаравічэнка, а каля далейшых вазоў Дзегцярэнка, а за ім курэнны атаман Вэртыхвіст. Двох ужо шляхцічаў падняў на дзіду Дзегцярэнка, ды напаў, нарэшце, на непадатлівага трэцяга. Вёрткі і дужы быў лях, пышнаю