— Хоць няжывога, ды давязу цябе! Не папушчу, каб ляхі зьдзекаваліся над тваёю казацкаю пародаю, на кускі рвалі тваё цела ды кідалі яго ў ваду. Хай-жа, хоць і будзе арол высмоктваць з твайго лоба вочы, дык хай-жа сьцяповы наш арол, а ня ляскі, ня той, што прылятае з польскае зямлі. Хоць няжывога, а давязу цябе да Украіны!
Гэтак казаў верны таварыш. Ляцеў без адпачынку дні і ночы і прывёз яго бясчулага ў самую Запарожаскую Сечу. Там пачаў ён лячыць яго няўтомна травамі і прымачкамі; знайшоў нейкую жыдоўку, якая месяц паіла яго рознымі лякарствамі, і нарэшце Тарасу зрабілася ляпей. Ці лякарства, ці свая жалезная сіла ўзяла верх, толькі ён праз паўтара месяца стаў на ногі; раны загаіліся, і толькі адны шабельныя шнары давалі ведаць, як глыбока калісьці быў ранены стары казак. Аднак-жа, выразна зрабіўся ён пануры і сумны. Тры цяжкія зморшчкі насунуліся на лоб яго і ўжо больш ніколі ня сходзілі з яго. Азірнуўся ён цяпер вакол сябе: усё новае на Сечы, усе паўміралі старыя таварышы. Ніводнага з тых, якія стаялі за справядлівую справу, за веру і братэрства. І тыя, якія скіраваліся з кашавым у пагоню за татарамі, і тых ужо ня было даўно: усе паклалі галовы, усе загінулі, хто паклаўшы на самым баі чэсную галаву, хто ад бязводзьдзя і бясхлебіцы, сярод крымскіх саланчакоў; хто ў палоне прапаў, ня вытрываўшы ганьбы; і самога ранейшага кашавога ўжо даўно ня было на сьвеце, і нікога з старых таварышоў, і ўжо даўно зарасла травою калісьці кіпеўшая казацкая сіла. Чуў ён толькі, што быў баль сільны, шумны баль: усё пабіта ў друбязгі судзьдзё; нідзе не засталося віна ні каплі, раскралі госьці і слугі ўсе дарагія кубкі і судзіны — і сумны стаіць гаспадар хаты, думаючы: „лепш, каб і ня было таго балю.“ Дарэмна стараліся заняць і разьвесяліць Тараса;