Тарас паглядзеў на гэтага Салямона, якога яшчэ ня было на сьвеце, і атрымаў пэўную надзею. Запраўды, выгляд яго мог даць пэўную веру да яго: верхняя губа ў яго была, проста, страшыла; таўшчыня яе, бяз сумліву, павялічвалася ад пабочных прычынаў. У барадзе ў гэтага Салямона было толькі пятнаццаць валасінак, і то на левым баку. На твары ў Салямона было гэтулькі знакоў пабояў, атрыманых за ўдаласьць, што ён бяз сумліву, даўно згубіў ім лік і прывык іх лічыць за радзімыя плямы.
Мардахай пайшоў разам з таварышамі, поўнымі зьдзіўленьня ад яго мудрасьці. Бульба застаўся адзін. Ён быў у дзіўным, нябывалым палажэньні: ён чуў першы раз у жыцьці неспакойнасьць. Душа яго была ў ліхаманачным стане. Ён ня быў той ранейшы, нязломны, няхістальны, моцны, як дуб; ён быў маладушны; ён быў цяпер слабы. Ён уздрыгваўся пры кожным шорхаце, пры кожнай новай жыдоўскай фігуры, якая толькі паказвалася ў канцы вуліцы. У гэткім стане прабыў ён, нарэшце, увесь дзень; ня еў і ня піў, і вочы яго не адрываліся ні на гадзіну ад невялічкага ваконца на вуліцу. Нарэшце, ужо ўвечары позна паказаўся Мардахай і Янкель. Сэрца Тарасова замёрла.
— Што? удачна? — спытаўся ён у іх з нецярплівасьцю дзікага каня.
Але раней яшчэ, чымсь жыды сабраліся з духам адказваць, Тарас заўважыў, што ў Мардахая ўжо ня было апошняга касмака, які, хоць і даволі неахайна, але ўсёж такі круціўся кольцамі з-пад ярмолкі яго. Відаць было, што ён хацеў нешта сказаць, але нагаварыў гэткае дрэні, што Тарас нічога не зразумеў. Ды і сам Янкель прытуляў вельмі часта руку да рота, як быццам хварэў на прастуду.
— О, мілы пане! — сказаў Янкель, — цяпер