I
„А павярніся-ж, сынку! Які ты сьмешны нейкі! Што гэта на вас за папоўскія падрасьнікі? І гэтак усе ходзяць у акадэміі?“
Гэткімі словамі сустрэў стары Бульба двох сыноў сваіх, што вучыліся ў кіеўскай бурсе і прыехалі дамоў да бацькі.
Сыны яго толькі што зьлезьлі з коняй. Гэта былі два здаравяцкія малайцы, яшчэ глядзеўшыя спадлоббя, як нядаўна выпушчаныя сэмінарыстыя. Крэпкія, здаровыя твары іхнія былі абросшы першым пухам валасоў, якога яшчэ не чапала брытва. Яны былі вельмі зьбянтэжаныя гэткім бацькавым прыняткам і стаялі нярухома, спусьціўшы вочы ў зямлю.
„Стойце, стойце! Давайце мне разглядзець вас, як трэба“, — казаў ён далей, пакручваючы іх: „якія-ж доўгія на вас сьвіткі! Якія сьвіткі! Гэткіх сьвітак яшчэ і на сьвеце ня было. А пабяжы каторы з вас! я пагляджу, ці ня гопнецца ён на зямлю, заблутаўшыся ў полы“.
„Ня сьмейся, ня сьмейся, тата!“ — сказаў, на- рэшце, старшы з іх.
„Бачыш ты, які пышны! А чаму-ж і не сьмяяцца?“
„Ды так; хоць вы мне і бацька, а як будзеце сьмяяцца, дык, дальбог, адластажу!“