— Што за народ вайсковы! — далей казаў жыд, — ох, вэй мір, што за народ добры! Шнурочкі, бляшачкі… так ад іх і блішчыць, як ад сонца; а цуркі, дзе толькі ўбачаць вайсковых… ай, ай!.. Жыд ізноў пакруціў галавою.
Гайдук закруціў рукою верхнія вусы і пусьціў праз зубы гук, крыху падобны да конскага іржаньня.
— Прашу пана зрабіць паслугу! — сказаў жыд, — вось князь прыехаў з чужога краю, хоча паглядзець на казакоў. Ён яшчэ ад нараджэньня ня бачыў, што гэта за народ казакі.
Зьяўленьне чужаземных графоў і баронаў было ў Польшчы даволі звычайным: яны часта былі зацягваны адзіна толькі цікаўнасьцю паглядзець гэты блізка што паўдзікі куток Эўропы; Маскоўшчыну і Украіну яны лічылі ўжо паложанымі ў Азіі. І дзеля гэтага гайдук, пакланіўшыся даволі нізка, палічыў прыстойным дадаць колькі словаў ад сябе:
— Я ня ведаю, ваша яснавяльможнасьць, — казаў ён: — чаму вам хочацца глядзець на іх. Гэта сабакі, а ня людзі. І вера ў іх гэткая, што ніхто не шануе.
— Брэшаш ты, чортаў сыне! — сказаў Бульба, — сам ты сабака! Як ты сьмееш казаць, што нашае веры не шануюць? Гэта вашае гэрэтыцкае веры не шануюць!
— Эгэ, гэ! — сказаў гайдук, — а я ведаю, дабрадзею, хто ты: ты сам з тых, што ўжо сядзяць у мяне. Пачакай-жа, я паклічу сюды нашых.
Тарас убачыў сваю неасьцярожнасьць, але ўпорлівасьць і злосьць перашкодзіла яму падумаць аб тым, каб як паправіць яе. На шчасьце, Янкель у тую-ж мінуту пасьпеў падвярнуцца.
— Яснавяльможны пане! як-жа ж можна, каб граф ды быў казак? А калі-б ён быў казак, дык дзе-ж ён дастаў-бы гэткую вопратку і гэткі выгляд графоўскі?