ласьнежныя рукі паднімаліся з агністага полымя да нябёс, праводжаныя жаласнымі крыкамі, ад якіх паварушылася-б зямля і сьцяповая трава нагнулася-б ад жалю ўніз. Але ня слухалі нічога жорсткія казакі і, паднімаючы дзідамі з вуліц дзецянят іхніх, кідалі да іх-жа ў полымя. — Гэта вам, варожыя ляхі, памінкі па Астапе! — прыгаворваў толькі Тарас. І гэткія памінкі па Астапе спраўляў ён у кожным сяле, пакуль польскі ўрад ня ўбачыў, што паступкі Тарасовы былі крыху большымі, як звычайнае разбойніцтва, і таму-ж самаму Патоцкаму даручана было з пяцьма палкамі злавіць абавязкова Тараса.
Шэсьць дзён уцякалі казакі вясковымі дарогамі ад усіх прасьледаваньняў; ледзь выносілі коні нязвычайнае ўцяканьне і ратавалі казакоў. Але Патоцкі на гэты раз быў варт наложанага на яго даручэньня; няўтомна прасьледаваў ён іх і нагнаў на беразе Днестра, дзе Бульба заняў дзеля адпачынку пакіненую разваленую крэпасьць.
Над самаю прывальлю каля Днестра-ракі выглядала яна сваім абарваным насыпам і сваімі разваленымі рэштамі сьценаў. Жарствою і разьбітаю цэглаю ўсеяна была вяршынка прывалі, гатовая кожную мінуту абарвацца і паляцець уніз. Тут вось, з двох бакоў, прылягаўшых да поля, абступіў яго каронны гэтман Патоцкі. Чатыры дні біліся і бароліся казакі, адбіваючыся цэгламі і каменьнямі. Але вычарпаліся запасы і сілы, і рашыўся Тарас прабіцца праз рады. І прабіліся былі ўжо казакі і мо’ яшчэ раз паслужылі-б ім верна быстрыя коні, як раптам сярод самага бегу затрымаўся Тарас і гукнуў: — Стой! выпала люлька з табакаю; не хачу каб і люлька дасталася варожым ляхам! І нагнуўся стары атаман і пачаў адшукваць у траве сваю люльку з табакаю, неадлучную спадарожніцу на морах і на сухапуцьці, і ў паходах, і ў хаце. А тымчасам набегла раптам ватага і схапіла яго пад магутныя плечы. Варухнуў быў ён усімі часткамі, але ўжо не пасыпаліся на зямлю, як бы-