і кінуцца стрымгалоў, убачыўшы мужчыну, і пасьля доўга затуляцца ад моцнага сораму рукавом. Сьвятліца была ўбрана ў гусьце таго часу, аб якім жывыя напомненьні засталіся толькі ў песьнях ды ў народных думах, што ўжо не пяюцца больш на Украіне барадатымі сьляпымі старцамі, пад ціхае трынканьне бандуры, на віду абступіўшага народу, — у гусьце таго ваяўнічага, труднага часу, калі пачаліся разгарацца сутычкі і бітвы на Украіне за унію. Усё было чыстае, вымазанае колернаю глінаю. На сьценах — шаблі, бізуны, сеткі для птушак; невады і стрэльбы, хітра выраблены рог на парох, залаты вобруць на каня і путы з сярэбранымі бляхамі. Вокны ў сьвятліцы былі маленечкія, з круглымі цьмянымі шыбамі, якія сустрачаюцца цяпер толькі ў старадаўных цэрквах, праз якія іначай нельга было глядзець, як падняўшы крыху рухомае шкло. Вакол вокнаў і дзьвераў былі чырвоныя адводы. На паліцах па куткох стаялі збанкі, бутлі і пляшкі зялёнага і сіняга шкла, вырэзваныя сярэбраныя кубкі, пазалачаныя чаркі ўсялякае работы: вэніцэйскае, турэцкае, чаркескае, зайшоўшыя ў Бульбаву сьвятліцу рознымі шляхамі цераз трэція і чацьвёртыя рукі, што было вельмі звычайным у тыя ўдалыя часы. Бяроставыя лавы вакол усяго пакою; вялізны стол пад абразамі ў покуці шырокая печ з запечкамі, прыпечкамі і гзымсамі, абітая колернымі, пярэстымі кахлямі, — усё гэта было вельмі знаёмае нашым двум малайцом, прыходзіўшым кожны год дамоў на канікулярны час, — прыходзіўшым таму, што ў іх ня было яшчэ коняй і таму, што звычаю ня было пазваляць шкаляром езьдзіць конна. У іх былі толькі доўгія чубы, за якія мог пацягаць іх кожны казак, насіўшы зброю. Бульба, толькі пры выпуску іх, паслаў ім з табуну свайго пару маладых жарабцоў.
Бульба, па прычыне прыезду сыноў, загадаў склікаць усіх сотнікаў і ўсю палкавую старшыню,