ведаў-бы казак: накурыць гарэлкі, зрабіць воз, намалоць пораху, справіць кавальскую, сьлесарскую работу і, ў дадатак да таго, гуляць напрапад, піць і баляваць, як толькі можа адзін украінец, — усё гэта было яму па плячы. Апрача рэйстравых казакоў, лічыўшых абавязкам зьяўляцца на выпадак вайны, можна было ў кожны час, у выпадку вялікае патрэбы, набраць цэлыя натаўпы ахвочакамонных: варта было толькі есаулам прайсьці па рынках і пляцох усіх сёлаў і мястэчкаў і гукнуць на ўвесь голас, стаўшы на воз: „Гэй, вы, піўнікі, браварнікі! Годзі вам піва варыць, ды валяцца па запечках, ды карміць сваім сытым целам мухі! Ідзеце славы рыцарскай і гонару дабівацца! Вы, плугары, грэчкасеі, аўцапасы, бабалюбы! годзі вам за плугам хадзіць, ды пэцкаць у зямлі свае жоўтыя боты, ды падлазіць да жанок і губіць сілу рыцарскую! пара даставаць казацкай славы!“ І словы гэтыя былі — як іскры, падаўшыя на сухое дзерава. Ратай ламаў свой плуг, бравары і півавары кідалі свае цабры і разьбівалі бочкі, рамесьнік і гандляр пасылаў к чорту і рамясло, і краму, біў гаршкі ў хаце, — і ўсё, што толькі было, сядала на каня. Адно слова: украінскі характар адтрымаў тут магутны шырокі размах, моцную вонкасьць.
Тарас быў адзін з ліку каранных старых палкоўнікаў: увесь ён быў створаны для вайсковае трывогі і ад’значаўся грубаю прастатою свайго нораву. Тады ўплыў Польшчы пачынаў ужо сказвацца на рускай шляхце. Шмат хто пераймаў ужо польскія звычаі, заводзіў роскаш, шыкоўныя слугі, сакалоў, лоўчых, абеды, двары. Тарасу было гэта не па сэрцы. Ён любіў простае жыцьцё казакоў і перасварыўся з тымі з сваіх таварышоў, якія мелі нахіл да варшаўскага боку, завучы іх халопамі польскіх паноў. Вечна неўгамонны, ён лічыў сябе законным абаронцай праваслаўя. Самаупраўна ўваходзіў у сёлы, дзе толькі жаліліся