ба заўсёды клаўся рана. Ён разьлёгся на дыване, накрыўся баранім кажухом, таму што начное паветра было даволі сьвежае і таму што Бульба любіў укрыцца магчыма цяплей, калі быў удома. Ён у хуткім часе захроп, і сьледам за ім увесь двор; усё, што толькі ляжала ў розных яго куткох, захрапло і запяяла. Перш за ўсё заснуў стораж, таму што больш за ўсіх напіўся дзеля прыезду панічоў.
Адна бедная маці ня спала. Яна схілілася да галоваў дарагіх сыноў сваіх, ляжаўшых побач; яна расчэсвала грэбенем іхнія маладыя, неакуратна скудлачаныя валасы і змочвала іх сьлязьмі. Яна глядзела на іх уся, глядзела ўсімі пачуцьцямі, уся абярнулася ў адзін пагляд і не магла наглядзецца. Яна высаіла іх уласнымі грудзьмі; яна вырасьціла, выпесьціла іх — і толькі на адзін міг бачыць іх перад сабою. — „Сыны мае, сыны мае мілыя! што будзе з вамі? што чакае вас?“ — казала яна, і сьлёзы спыніліся ў зморшчках, зьмяніўшых прыгожы калісьці твар яе. Запраўды, яна была бедная, як кожная жанчына таго ўдалага веку. Яна міг толькі жыла каханьнем, толькі ў першую гарачку палкасьці, у першую гарачку моладасьці, і ўжо строгі любы яе пакідаў яе для шаблі, для таварышоў, для баляваньня. Яна бачыла мужа ў год два-тры дні, і пасьля некалькі гадоў аб ім ня бывала чуткі. Дый калі і бачылася з ім, калі яны жылі разам, што-ж за жыцьцё яе было? Яна цярпела зьнявагі, нават пабоі; яна бачыла ласкі, робленыя толькі з літасьці; яна была нейкаю дзіўнаю істотаю ў гэтым зборышчы бязжэнных рыцараў, на якіх разгульнае Запарожжа накідала строгі колёрыт свой. Моладасьць без насалоды мільганула перад ёю, і яе прыгожыя сьветлыя шчокі і персі без пацалункаў адцьвілі і пакрыліся перадчаснымі зморшчкамі. Усё каханьне, усе пачуцьці, усё, што ёсьць далікатнае і палкае ў жанчыны, — усё абярнулася ў яе ў адно