матчынае пачуцьцё. Яна з імпатам, з палкасьцю, з сьлязьмі, як сьцяповая чайка, круцілася над дзяцьмі сваімі. Яе сыноў, яе мілых сыноў бяруць ад яе, — бяруць на тое, каб ня ўбачыць іх ніколі! Ці хто ведае, мо’ пры першай бітве татарын сьсячэ ім галовы, і яна ня будзе ведаць, дзе ляжаць пакінутыя целы іх, якія разьдзяўбе жываедная птушка, а за кожную каплю крыві іхняе яна аддала-б сябе ўсю. Плачучы, пазірала яна ім у вочы, калі ўсемагутны сон пачынаў ужо стуляць іх, і думала: „А мо, гэтак Бульба, прачхнуўшыся, адсрочыць дні на два ад’езд; можа ён здумаў дзеля таго гэтак хутка ехаць, што шмат выпіў?“
Месяц з вышыні неба даўно ўжо азорваў увесь двор, напоўнены соннымі, густую купу вербаў і высокі бур’ян, у якіх патануў частакол, абкружаўшы двор. Яна ўсё сядзела каля галоваў мілых сыноў сваіх, ні на мінуту ня зводзіла з іх вачэй і ня думала пра сон. Ужо коні, чуючы золак, усе паляглі на траву і пакінулі есьці; верхнія лісты вербаў пачалі лапатаць, і пакрысе лапатлівая струя спусьцілася па іх да самага нізу. Яна прасядзела да сьвету, ані ня была ўтомлена і ўнутрана жадала, каб ноч працягнулася як мага даўжэй. Са сьцепу паляцела гучнае іржаньне жарабяці; чырвоныя палоскі зырка бліснулі на небе.
Бульба раптам прачхнуўся і ўстаў. Ён вельмі добра помніў усё, што загадваў учора. „Ну, хлопцы, годзі спаць! Пара, пара! Напойце коні! А дзе старая? (гэтак ён звычайна называў жонку сваю). Хутчэй, старая, рыхтуй нам есьці: шлях ляжыць вялікі!“
Бедная старая, пазбаўленая апошняе надзеі, сумна папаўзла ў хату. Тым часам, як яна з сьлязьмі рыхтавала ўсё, што патрэбна да сьнеданьня, Бульба раздаваў свае загады, гаспадарыў на стайні і сам выбіраў для дзяцей сваіх лепшыя вопраткі.