Бурсакі раптам адмяніліся: на іх зьявіліся, замест ранейшых запэцканых ботаў, саф’яныя чырвоныя, з сярэбранымі падкоўкамі; шаравары шырынёю ў Чорнае мора, з тысячаю фалдаў і са зборкамі, перацягнуліся залатым ачкуром; да ачкура прычэплены былі доўгія раменьчыкі, з кісьцямі і іншымі брызгулямі для люлькі. Казакін чырвонага колеру, сукна яснага, як агонь, аперазаўся ўзорчатым паясом; чаканныя турэцкія пісталеты былі засунуты за пояс; шабля бразгала па нагах. Іхнія твары, яшчэ мала загарэлыя, здавалася, пахарашэлі і пабялелі; маладыя, чорныя вусы цяпер неяк зырчэй адценьвалі бель іх і здаровы, магутны колер юнацтва; яны былі харошыя пад чорнымі баранімі шапкамі, з залатым вярхом. Бедная маці! Яна як убачыла іх, яна і слова не магла прамовіць, і сьлёзы спыніліся ў вачох яе.
„Ну, сыны, усё гатова! няма чаго марудзіць!“ — сказаў, нарэшце, Бульба. „Цяпер, паводле звычаю хрысьціянскага, трэба перад дарогаю ўсім сесьці“.
Усе селі, не вылучаючы нават і хлапцоў, стаяўшых пашанліва каля дзьвярэй.
„Цяпер багаславі, маці, дзяцей сваіх!“ сказаў Бульба: „малі Бога, каб яны ваявалі адважна, каб баранілі заўсёды гонар лыцарскі, каб стаялі заўсёды за веру Хрыстову, а не — хай лепш загінуць, каб і духу іхняга ня было на сьвеце! Падыйдзеце, дзеці, да маці: малітва матчына і на вадзе і на зямлі ратуе!“
Маці, слабая, як маці, абняла іх, вынясла два невялічкія абразкі, начапіла ім, плачучы, на шыю. „Хай крые вас… Божая Маці… Не забывайце, сынкі, маці вашу… прышлеце хоць вестачку аб сабе…“ Далей яна не магла гаварыць.
„Ну, хадзем, дзеці!“ — сказаў Бульба.
Ля ганку стаялі аседланыя коні. Бульба скокнуў на свайго Чорта, які шалёна адхіснуўся,