Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

Натуральна, што ўсё гэта павінна было неяк ажорстчыць характар і надаць яму цьвёрдасьці, якою заўсёды адрозьніваліся казакі. Астап лічыўся заўсёды адным з лепшых таварышоў. Ён рэдка камандаваў іншымі ў адважных прадпрыемствах — абабраць чужы сад або агарод, але затое ён быў заўсёды адным з першых, прыходзіўшых пад штандары прадпрыемлівага бурсака, і ніколі, ні ў якім выпадку, не выдаваў сваіх таварышоў; ніякія бізуны і розгі не маглі прымусіць яго гэта зрабіць. Ён быў строгі да іншых пабуджэньняў, апрача вайны і разгульнага ігрышча; па крайняй меры, ніколі блізка што аб іншым ня думаў. Ён быў простадушны з роўнымі. Ён меў дабрату ў гэткім выглядзе, у якім яна магла толькі істнаваць пры гэткім характары і ў той час. Ён да душы быў крануты сьлязьмі беднае маці, і гэта адно яго толькі смуціла і прымушала задумліва спусьпіць голаў.

Меншы брат яго, Андрый, меў пачуцьці крыху жывейшыя і неяк больш разьвіненыя. Ён вучыўся ахватней і без натугі, з якою звычайна бярэцца цяжкі і сільны характар. Ён быў спрытнейшы на выдумкі за свайго брата, часьцей зьяўляўся павадыром даволі небясьпечнага прадпрыемства і іншы раз, пры падмозе вынаходлівага розуму свайго, умеў выкручвацца ад кары, тады як брат яго, Астап, адлажыўшы ўсякае попеченіе, скідаў з сябе сьвітку і клаўся на падлогу, зусім ня думаючы прасіць літасьці. Ён таксама кіпеў смагаю подзьвігу, але разам з ёю душа яго была даступнаю і іншым пачуцьцём. Патрэба каханьня загарэлася ў ім жыва, калі ён перайшоў за восемнаццаць гадоў; жанчына часьцей пачала паказвацца гарачым лятуценьням яго; ён, слухаючы філёзофскія дыспуты, бачыў яе штомінуты сьвежую, чарнавокую, далікатную. Перад ім бесьперарыўна мігцелі яе бліскучыя, пруткія персі, далікатная, прыгожая, уся голая рука; самая вопратка абліпаўшая вакол