магло быць лепшым; уся паверхня зямлі выглядала зялёна-залатым акіянам, па якім пырснулі мільёны розных красак. Праз тонкія, высокія сьцёблы травы пралазілі блакітныя, сінія і чырвоныя валошкі; жоўты дрок выскакваў угару сваім пірамідальным вяршочкам; белая кашка парасонкаватымі шапкамі рабела на паверхні; занесены, Бог ведае скуль, колас пшаніцы наліваўся ў гушчы. Пад тонкімі іх карэньнямі шугалі курапаткі, выцягнуўшы свае шыі. Паветра было напоўнена тысячаю розных птушыных сьвістаў. У небе нярухома стаялі каршуны, распасьцёршы свае крыльля і нярухома ўпёршы вочы свае ў траву. Крык ляцеўшае ў баку хмары дзікіх гусей аддаваўся, Бог ведае, у якім далёкім возеры. З травы паднімалася мернымі махамі чайка і раскошна купалася ў сініх хвалях паветра. Вун яна прапала ў вышыні і толькі мігціць аднэю чорнаю плямкаю; вун яна перакулілася крыламі і бліснула перад сонцам… Чорт вас вазьмі, сьцяпы, як-жа вы харошыя!..
Нашыя пілігрымы спыняліся толькі на некалькі мінут дзеля абеду, пры чым ехаўшы з імі аддзел з дзесяцёх казакоў, злазіў з коняй, адвязваў дзеравяныя баклажкі з гарэлкаю і гарбузы, ужываныя заместа судзінаў. Елі толькі хлеб з салам або каржы, пілі толькі па аднэй чарцы, адзіна для падмацаваньня, таму што Тарас Бульба не пазваляў ніколі напівацца ў дарозе, і ехалі ізноў да вечару. Увечары ўвесь сьцеп зусім пераменьваўся: увесь пярэсты прастор яго ахапляўся апошнім зыркім водбліскам сонца і паступова цямнеў, так што відаць было, як цень перабягаў па ім, і ён рабіўся цёмна-зялёны; выпарэньні паднімаліся гусьцей; кожная красачка, кожная травіца выпушчала амбру, і ўвесь сьцеп курэў прыемным пахам. Па небе, зблакітна-цёмным, як быццам ісполінскім пэндзалем, наляпаны былі шырокія поласы з рожавага золата; калі-не-калі бялелі камякамі лёгкія