была бараніць яе да апошняй каплі крыві, хоць і слухаць не хацела пра пост і ўстрымліваньне. Толькі пабуджваныя сільнаю карысьцяй жыды, армяне і татары адважваліся жыць і гандляваць у прадмесьці, таму што запарожцы ніколі ня любілі таргавацца, а колькі рука выняла з кішаня грошай, столькі і плацілі. Урэшце, лёс гэтых карысталюбівых гандляроў быў вельмі варт жалю: яны былі падобнымі да тых, што сяліліся ля падошвы Вэзувія, таму што як толькі ў запарожцаў не хапала грошай, дык удалыя разьбівалі іхнія крамкі і бралі заўсёды дарма. Сеча складалася з шэсьцьдзесяцёх з лішкаю курэняў, якія вельмі падобны былі на паасобныя незалежныя рэспублікі, а яшчэ больш на школу і бурсу дзяцей, якія жылі на ўсім гатовым. Ніхто нічога не заводзіў і нічога ня трымаў у сябе: усё было на руках у курэннага атамана, які за гэта звычайна насіў назоў бацькі. У яго былі на руках грошы, вопраткі, увесь харч, саламата, каша і нават апал; яму аддавалі грошы на схоў. Нярэдка адбывалася сварка ў курэняў з курэнямі; у гэткім выпадку справа зараз-жа даходзіла да бойкі. Курэні ўкрывалі пляц і кулакамі ламалі адзін аднаму бакі, пакуль адны не перамагалі нарэшце і ня бралі гары, і тады пачыналася гульня. Гэткая вось была гэта Сеча, меўшая гэтулькі прынадаў для маладых людзей.
Астап і Андрый кінуліся з усёю гарачкаю юнакоў у гэта разгульнае мора, і запомнілі ў міг і бацькаўскую хату, і бурсу, і ўсё, што хвалявала раней душу, і аддаліся новаму жыцьцю. Усё займала іх: разгульныя звычаі Сечы і няшматскладаная управа і законы, якія здаваліся ім іншы раз нават вельмі ўжо строгімі сярод гэткае сваявольнае рэспублікі. Калі казак пракраўся, украў якую-нібудзь цацку, дык гэта лічылася ўжо неганаровым для ўсяго казацтва: яго, як бясчэснага, прывязвалі да стаўпа пагарды і клалі каля яго кій,