якім кожны праходзіўшы абавязаны быў аперазаць яго, пакуль гэткім спосабам не забівалі яго на сьмерць. Неплаціўшага даўгу прыкоўвалі ланцугом да гарматы, дзе павінен быў ён сядзець датуль, пакуль хто з таварышоў ня браўся яго выкупіць, заплаціўшы за яго доўг. Але больш за ўсё зрабіла ўражаньне на Андрыя страшэнная кара, вызначаная за забойства. Тут-жа пры ім выкапалі яму, спусьцілі туды жывога забойцу і над ім паставілі дамавіну, у якой было цела ім забітага, і пасьля абодвух засыпалі зямлёю. Доўга пасьля ўсё прыдаваўся яму страшэнны абрад, кары і ўсё здаваўся гэты жыўцом закопаны чалавек разам з жахоўнаю дамавінаю.
Хутка абодва маладыя казакі сталі на добрым ліку ў казакоў. Часта, разам з іншымі таварышамі свайго курэня, а іншы раз і з усім курэнем і з суседнімі курэнямі, выступалі яны ў сьцяпы дзеля страляньня да нязьмернага ліку ўсіх магчымых сьцяповых птушак, аленяў і козаў, або выходзілі на вазёры, рэкі і затокі, адведзеныя па жэрабю кожнаму курэню, закідаць невады, сеці і цягнуць багатыя ўловы на харчаваньне ўсяго свайго курэня, хоць і ня было тут навукі, на якой прабуецца казак, але яны зрабіліся ўжо заметнымі паміж іншымі маладымі людзьмі простым спрытам і ўдачлівасьцю ўва усім. Бойка і добра стралялі ў мэту, пераплывалі Дняпро проці вады — справа, за якую навічок прымаўся ўрачыста ў казацкія колы.
Але стары Тарас рыхтаваў ім іншую дзейнасьць. Яму не падабалася гэткае гультайскае жыцьцё — запраўднае справы хацеў ён. Ён усё прыдумваў, як-бы гэта падняць Сечу на адважнае прадпрыемства, дзе можна было-б разгуляцца, як трэба, рыцару. Нарэшце, аднаго дня прышоў да кашавога і сказаў яму проста: „Што, кашавы, пара мо’ і пагуляць запарожцам?“