вайны ня можна прабыць. Які й запарожац з яго, калі ён яшчэ ніразу ня біў бусурмэна?
— „Ён добра кажа,“ — падумаў Бульба.
— Ня думайце, панове, каб я, ўрэшце казаў гэта дзеля таго, каб нарушыць мір: крый Божа! Я толькі так гэта кажу. Пры гэтым у нас цэрква Божая, — грэх сказаць, што такое: вось колькі гадоў ужо, як, па міласьці Божай, стаіць Сеча, а дасюль ня тое ўжо, каб звонку цэрква, але нават і абразы бяз ніякага убраньня, хоць-бы сярэбраную рызу хто дагадаўся ім выкаваць; яны толькі тое й дасталі, што адказалі ў духоўнай іншыя казакі; дый дар іхні быў бедны, таму што ледзь ня ўсё прапілі яшчэ пры жыцьці сваім. Дык я вяду гэтую гутарку не да таго, каб пачаць вайну з бусурмэнамі: мы дакляравалі султану мір, і нам быў-бы вялікі грэх, таму што мы прысягалі паводле закону нашага.
— „Што-ж ён гэткае пляце?“ — сказаў сам сабе Бульба.
— Ды вось бачыце, панове, што вайны нельга пачаць: рыцарскі гонар ня кажа. А, паводле свайго беднага розуму, вось што я думаю: пусьціць з чаўнамі адных маладых, няхай крыху падрапаюць берагі Натоліі. Як думаеце, панове?
— Вядзі, вядзі ўсіх! закрычаў з усіх бакоў натаўп: — за веру мы гатовы пакласьць галовы.
Кашавы спалохаўся; ён ані не хацеў паднімаць усяго Запарожжа: разарваць мір яму здавалася ў гэтым выпадку справаю несправядліваю. — Пазвольце, панове, яшчэ адно слова трымаць?
— Годзі! — загулі запарожцы, — лепей ня скажаш!
— Калі так, дык няхай будзе так. Я слуга вашай волі. Ужо справа вядомая, і па пісаньню вядома, што голас народу — голас Божы. Ужо разумней за тое нельга выдумаць, што ўвесь