Гэтак казаў кашавы, і як толькі скончыў ён прамову сваю, дык усе казакі ўзяліся зараз-жа за справу. Уся Сеча ацьвярозела, і нідзе нельга было знайсьці ніводнага п’янага, як быццам іх і ня было ніколі паміж казакамі. Тыя спраўлялі абады колаў і мянялі восі ў вазох; тыя зносілі на вазы мяшкі з правіянтам, на іншыя валілі зброю; тыя прыганялі коні й валы: З усіх бакоў разлягаўся тупат коняй, пробная страляніна з стрэльбаў, бразганьне шабляў, буяньне быкоў, скрыпеньне паварочваных вазоў, гоман і зыркі крык і панукваньне. І хутка далёка-далёка выцягнуўся казачы табар па ўсім полі. І шмат давялося-б бегчы таму, хто захацеў-бы прабегчы ад галавы да хваста яго. У дзеравянай невялічкай царкве служыў сьвяшчэньнік малебен, пакрапіў усіх сьвятою вадою; усе цалавалі крыж. Калі крануўся табар і пацягнуўся з Сечы, дык усе запарожцы павярнулі галовы назад. „Бывай, наша маці!“ — сказалі яны блізка што ў адно слова: „хай-жа цябе крые Бог ад розных няшчасьцяў“.
Праяжджаючы прадмесьце, Тарас Бульба ўбачыў, што жыдок яго, Янкель, ужо разьбіў нейкую ятку з паветкаю і прадаваў крамяні, закруткі, порах і розныя вайсковыя рэчы, патрэбныя на дарогу, нават пірагі і хлеб. „Вось які чортаў жыд!“ — падумаў сам сабе Тарас і, пад’ехаўшы да яго на кані, сказаў: „Дурань, чаго ты тут сядзіш? Хіба хочаш, каб цябе застрэлілі, як вераб’я?“
Янкель, у адказ на гэта, падыйшоў да яго бліжэй і, зрабіўшы знак абедзьвюма рукамі, як быццам хацеў абвясьціць нешта таямнічае, сказаў: „Няхай пан толькі маўчыць і нікому ня кажа: паміж казацкімі вазамі ёсьць адзін мой воз; я вязу розны патрэбны запас для казакоў і па дарозе буду дастаўляць усялякі правіянт па гэткай таннай цане, па якой яшчэ ніводзін жыд не прадаваў; далібог так; далібог так.“