запарожцы пачалі пакрысе сумаваць нядзейнасьцяй і доўгай цьвярозасьцяй, ня зьвязанаю ні з якою справаю. Кашавы загадаў нават падвоіць порцыю гарэлкі, што часам вадзілася ў войску, калі ня было цяжкіх справаў і рухаў. Маладым, а асабліва сыном Тараса Бульбы, не падабалася гэткае жыцьцё. Андрый выразна сумаваў. „Неразумная галава,“ — казай яму Тарас: „цярпі казак — атаманам будзеш. Ня той яшчэ добры ваяка, хто ня згубіў духу ў важнай справе, а той добры ваяка, хто і на безрабоцьці не засумуе, хто ўсё вытрывае, і хоць ты яму што хочаш, а ён усё такі паставіць на сваім.“ Але ня зыйсьціся гарачаму юнаку з дзедам: іншая натура ў абодвух, і іншымі вачыма глядзяць яны на тую самую справу.
А тымчасам падасьпеў Тарасоў полк, прыведзены Таўкачом; з ім было яшчэ два есаулы, пісар і іншыя палкавыя вураднікі; усіх казакоў набралася больш як чатыры тысячы. Было паміж імі ня мала і ахвочакамонных, якія самі падняліся, сваёю воляю, бяз ніякага прыказу, як толькі пачулі, у чым справа. Есаулы прывязьлі сыном Тараса Бульбы багаславеньне ад старое маці і кожнаму па кіпарасным абразе з Межыгорскага кіеўскага манастыра. Наклалі на сябе сьвятыя абразы абодва браты і мімаволі задумаліся, прыпомніўшы старую маці. Што-то праракуе і кажа ім гэтае багаславеньне? Ці багаславеньне на перамогу над ворагам і пасьля вясёлы паварот на бацькаўшчыну з здабычаю і славаю на вечныя песьні бандурыстым, ці?.. Але невядома будучына, і стаіць яна перад чалавекам быццам васеньні туман, падняўшыся з балот: шалёна лятаюць у ім угару і ўніз, чэркаючы крыльлямі, птушкі, не распазнаючы ў вочы адна аднае, галубка, — ня бачачы каршуна, каршун — ня бачачы галубкі, і ніхто ня ведае, як далёка лятае ён ад свае пагібелі…
Астап ужо заняўся сваёю справаю і даўно адыйшоў да курэняў. А Андрый, сам ня ведаючы