жаўцеўшыя грушы, і тут-жа сярод іх чарнела вісеўшае на сьцяне будынку ці на суку дзерава цела беднага жыда або манаха, гінуўшае разам з будынкам у агні. Над агнём круціліся ў далечыні птушкі, здаючыся купаю цёмных дробных крыжыкаў на агністым полі. Абложанае места, здавалася, заснула; шпіцы, і стрэхі, і частакол, і сьцены яго ціха паблісквалі водбліскамі далёкіх пажарышчаў. Андрый абыйшоў казацкія рады. Агні, каля якіх сядзелі старажы, рыхтаваліся штомінуты пагаснуць, і самыя старажы спалі, перакусіўшы добра чаго-нібудзь на ўвесь казацкі апэтыт. Ён падзівіўся крыху з гэткае бясьпечнасьці, падумаўшы: „добра, што няма блізка ніякага сільнага непрыяцеля і няма каго баяцца“. Нарэшце, і сам падыйшоў ён да аднаго з вазоў, залез на яго і лёг на плечы, падлажыўшы сабе пад галаву зложаныя назад рукі; але ня мог заснуць і доўга пазіраў на неба: яно ўсё было перад ім; чыста і празрыста было ў паветры; гушчыня зораў, складаўшых Малочны Шлях і сукосным паясом пераходзіўшая па небе, уся была заліта сьвятлом. Час ад часу Андрый як быццам забываўся, і нейкі лёгкі туман драманьня засланяў на міг перад ім неба, і пасьля яно ізноў ачышчалася ды ізноў рабілася відно.
У гэты час здалося яму, што мільгануў перад ім нейкі дзіўны абраз чалавечага твару. Думаючы, што гэта быў просты ўплыў сну, які зараз-жа разьвеецца, ён расплюшчыў мацней вочы свае і ўбачыў, што да яго запраўды накланіўся нейкі схудзелы, высахшы твар і глядзеў проста яму ў вочы. Доўгія і чорныя, як вугаль валасы, ня прыбраныя, раскудлачаныя, лезьлі з-пад цёмнага накіненага на галаву, пакрывала; і дзіўны бліск погляду, і мярцьвяцкая чарнявасьць твару выступаўшага вострымі рысамі, змушала хутчэй думаць, што гэта была прыява. Ён схапіўся мімаволі рукою за пішчаль і сказаў блізка што з сударгаю: „Хто ты? Калі дух нячысты, дык згінь з вачэй;