Андрый стукнуў, замест яе, моцна ў дзьверы; разьлёгся гук, паказваўшы, што за дзьвярыма быў вялікі прастор. Гук гэты зьмяніўся, сустрэўшы, як здавалася, высокія скляпеньні. Мінуты цераз дзьве загрымелі ключы, і хтосьці, здавалася, сходзіў па сходах. Нарэшце, дзьверы адамкнуліся; іх сустрэў манах, стаяўшы на вузенькіх сходах з ключамі і сьвечкаю ў руках. Андрый мімаволі затрымаўся, убачыўшы каталіцкага манаха, выклікаўшага гэткую ненавісную пагарду ў казакох, паступаўшых з імі бесчалавечней, як з жыдамі. Манах таксама крыху адступіў назад, убачыўшы запарожаскага казака: але слова, ня вельмі чутна сказанае татаркаю, яго супакоіла. Ён пасьвяціў ім, замкнуў за імі дзьверы, павёў іх па сходах на гару, і яны апынуліся пад высокімі цёмнымі скляпеньнямі манастырскага касьцёла. Каля аднаго з аўтароў, устаўленага высокімі ліхтарамі і сьвечкамі, стаяў на каленах ксёндз і ціха маліўся. Каля яго з абодвух бакоў стаялі таксама на каленах два маладыя клерыкі ў ліловых мантыях, з белымі каронкавымі шэмізэткамі паверх іх і з кадзільніцамі ў руках. Ён маліўся аб пасланьні цуда, аб уратаваньні места, аб падмацаваньні падаўшага духу, аб пасланьні цярплівасьці, аб ухіленьні спакушальніка, які нашэптвае нараканьне і маладушны, трусьлівы плач на зямныя няшчасьці. Некалькі жанчын, падобных да прыяваў, стаяла на каленах, абапёршыся і зусім палажыўшы зможаныя галовы на заплечнікі стаяўшых перад імі крэслаў і цёмных дзеравяных лавак; некалькі мужчынаў, прысланіўшыся каля калённаў і пілястраў, на якіх ляжалі бакавыя скляпеньні, панура стаяла таксама на каленах. Вакно з колернымі шыбамі, быўшае над аўтаром, асьвяцілася рожавым румянцам раніцы, і ўпалі ад яго на падлогу блакітныя, жоўтыя і іншых колераў кружкі сьвятла, асьвяціўшыя раптоўна цёмны касьцёл. Увесь аўтар у сваім далёкім паглыбленьні паказаўся раптам у зьзяньні;
Старонка:Тарас Бульба (1929).pdf/72
Гэта старонка не была вычытаная