што табе нельга любіць мяне; і ведаю я, які доўг і завет мой: цябе клічуць бацька, таварышы, айчына, а мы — ворагі табе.
— А што мне бацька, таварышы і айчына? — сказаў Андрый, страсянуўшы быстра галавою і выпраставаўшы ўвесь просты, як надрэчны ясакар, стан свой. — Дык калі-ж так, дык вось што: няма ў мяне нікога! Нікога, нікога! — паўтарыў ён тым самым голасам і пацьвярдзіўшы яго тым рухам рукі, з якім пруткі, нязломны казак выказвае рашучасьць на справу нячуваную і немагчымую для іншага. — Хто сказаў, што мая айчына Украіна? Хто даў мне яе ў айчыны? Айчына ёсьць тое, чаго шукае душа наша, што мілейшае для яе за ўсё. Айчына мая — ты! Вось мая айчына! І панясу я гэтую айчыну ў сэрцы сваім, панясу яе, пакуль хопіць майго веку, і пагляджу: няхай хто-нібудзь з казакоў вырве яе адтуль! І ўсё, што толькі ёсьць, прадам, аддам, загублю за гэткую айчыну!
На міг астаўпеўшы, як прыгожая статуя, пазірала яна яму ў вочы і раптам заплакала, і з цудоўнаю жаноцкаю шпаркасьцю, на якую бывае толькі здольнаю адна безьмяркоўна велікадушная жанчына, створаная на прыгожы сардэчны рух, кінулася яна да яго на шыю, абхапіўшы яго сьнегападобнымі, цудоўнымі рукамі, і моцна заплакала. У гэты час разьлягліся на вуліцы няясныя крыкі, праводжаныя гукам трубаў і літаўраў; але ён ня чуў іх: ён чуў толькі, як цудоўныя вусны абдавалі яго пахнючаю цяплынёю свайго дыханьня, як сьлёзы яе цяклі да яго на твар, і, спушчаныя ўсе з галавы, пахнючыя яе валасы апуталі яго ўсяго сваім цёплым і зіхацеўшым шоўкам.
У гэты час убегла да іх з радасным крыкам татарка. „Ратунак, ратунак!“ — крычала яна, не памятаючы сябе. — „Нашыя ўвайшлі ў места, прывязьлі хлеба, пшана, мукі і зьвязаных запарожцаў!“