Старонка:Тры п’ескі (1930).pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

СЦЭНА ШОСТАЯ

Кватэра Анжэліны. Вечар. Бабка і маці шыюць. Дзед сядзіць на сваім месцы.

Бабка (да дзеда). Колькі ты ні думай, дык усёроўна не разгадаеш.

Дзед. Так, хітра закручан вузел. Ведаць увесь сьвет нельга. Мусіць, яшчэ няма такога чалавека, які-б усё ведаў. Я толькі адно ведаю добра: парадак павінен быць зьменены.

Бабка. Ня ты яго ўстанаўляў, ня ты будзеш і зьменьваць яго.

Дзед. Я-ж не кажу, што гэта я павінен зьмяніць яго. Я цяпер нічога не магу зрабіць. Я магу толькі думаць і ў думках разважаць. І я ўпэўнены, што знойдуцца людзі, якія будуць рабіць гэты інакшы парадак. Такім сьвет не застанецца.

Бабка. От маўчы і не грашы. Даволі і так пакараны.

Дзед. Я пакараны не за грахі, а за сваю вар‘яцкую гордасьць. Так, я хацеў даказаць, што я не стары і магу падняць столькі, колькі і раней.