Маці. Істужка.
Бацька. Якая?
Маці. У тым і справа, што не абы-якая.
Бацька (паглядзеў). Аксамітная, ці што?
Маці. Ды гэта што — аксамітная. Гэта-ж з паповае расы.
Бацька (усьміхнуўся, патузаў). Моцная, на яе дзіва. Я думаю, што з яе была-б добрая падцяжка хлапцу. А то на ім-жа жалеза гарыць.
Маці. Ня ведаю, мо‘ і добра было-б.
Крутагор (ускочыў першым). Мамка, скоранька дайце мне чаго-небудзь пад‘есьці.
Маці. Ох, які ты порсткі! Куды-ж гэта ты ўжо намерыўся ляцець?
Крутагор (ломіць лусту хлеба). Далёка, далёка.
Бацька. А мо‘ я цябе і ня пушчу.
Крутагор. Пусьціце, чаму не.
Маці. Паглядзі, бацька трымае папружку.
Крутагор (глянуў). Здаецца, гэта не папружка.
Бацька. Ты-ж не прабаваў. Вось давай папрабуем на табе, дык тады будзеш ведаць. (Падыходзіць да яго).
Крутагор. Не, не папружка, не, не папружка.