рыпелі. Езьдзілі, езьдзілі сяляне, мазалі, мазалі канцылярыстых ды адвокатаў.
1-я дзяўчынка. А чым яны іх мазалі?
Крутагор. Здорам, ха-ха-ха! (Усе засьмяяліся).
1-ы хлопчык. Грашыма, чым-жа.
Маці. Так. І столькі прамазалі грошай, што можна было-б цэлую сотню купіць такіх расаў. Аж пяць гадоў судзіліся за гэтую расу.
Усе. Ай, яй!
Маці. А пан з папом пасьмейваюцца. Нарэшце дачуўся архірэй. Брыдка яму стала. Аддайце, кажа, расу сялянам, бо падрываеце толькі веру. От, яны забралі яе ды меліся прадаць, але-ж за яе больш дваццаці рублёў ніхто не даваў. А прасудзілі яны аж сто пяцьдзесят.
Бацька. Здорава ўмазаліся.
Маці. Ага-ж. Тады яны наважылі падзяліць, каб кожнаму дасталася частачка, каб кожны ведаў, успамінаў ды ўнукам сваім пераказваў, чаго ня трэба рабіць і як ня трэба лезьці ў дурні. Адна такая частачка, вось гэтая істужка, і прыпала майму бацьку. Маці палажыла ў прыскрынак і сказала: „Няхай ляжыць, няхай нашы дзеці і ўнукі ня будуць такімі дурнымі, як іх бацькі і дзяды“. Вось і ўсё.
Бацька. Та-ак. Цікавая гісторыя. Што-ж ты мне не расказала раней?