і ён сеў на зямлю і так, седзячы, пачаў яго тузаць. Ціхаход углядаецца на неба). Эх, якое хараство гэтае сіняе неба з белымі хмаркамі! Вунь два белыя мядзьведзі на крыгах плывуць і пазяхаюць. О, скочылі ў воду, паплылі. (Счакаўшы). А вунь нейкі востраў. Белыя стаенныя коні, а ззаду нешта страшнае. А гэта, мусіць, леў і людзі з белымі трапачкамі на галавах. Ух, пабеглі, пабеглі.
Крутагор. Хто пабег.
Ціхаход (павярнуўся да яго). А гэта там хмаркі. Ну, як у цябе?
Крутагор. Трашчыць яй-права трашчыць.
Ціхаход (падымаючыся). А мне шкада гэтага дубка… (Раптам Крутагор усхапіўся і пачаў шалёна падскакваць і лапаць рукамі па штанох. На яго напалі мурашкі).
Крутагор (сьціснуўшы зубы). А-ххх, хі-і-і…
Ціхаход (сьмяючыся). Ты, Крутагор, танцуеш, як папуас вакол сьвятога агню. Што з табою здарылася, сябра мой? Можа ты хочаш зьдзівіць сьвет сваею фізкультураю.
Крутагор (са злосьцю). А ідзі ты к ліхой долі! (Ён падскочыў, адшпіліў падцяжку, скінуў штаны, пачаў вытрасаць іх і церці ногі).
Ціхаход. А, разумею; гэта ты папаўся ў лапы жоўтых мураўёў. Але-ж навошта ты так неміласэрна нішчыш іх?