Маці. Вячэрай ты, Анжэлінка, ды супачынь. Годзе табе думаць пра лялькі. Стаіць яна там у акне, ну — і няхай сабе стаіць.
Анжэліна. А я хачу, каб яна была ў мяне.
Дзед. Нічога, дзеткі, з гэтага ня будзе. На вось пастаў і маю місачку ды лажыся спаць. Так будзе лепей.
Анжэліна. Я не хачу спаць. Я хачу папрацаваць яшчэ.
Бабка. Каму гэта ты хочаш рабіць на злосьць?
Анжэліна. На злосьць? Зусім не на злосьць. Я пастаяла каля тае лялькі, а цяпер хачу гэты час папрацаваць.
Бабка. Гэта добра, але няхай гэта будзе другім разам, а сёньня будзем адпачываць усе. Я ўжо іду і мама твая таксама. (Пайшла).
Маці. Лажыся і ты, Анжэлінка.
Анжэліна. Мамачка, як мне дастаць тую ляльку?
Маці. Ня ведаю, дачушка. Яна, мусіць, дорага каштуе, а грошай-жа ў нас няма.
Анжэліна. А мо‘ каб я зайшла ў магазын, папрасіла гаспадароў, пацалавала-б ім у рукі, можа яны і аддалі-б мне?
Маці. З гэтага нічога ня выйдзе, Анжэліна, і гэтага ніколі ня трэба рабіць. Я не хачу, каб ты цалавала там некаму рукі. Гэта будзе няпрыемна і бабцы і дзедку.
Дзед. Мама кажа праўду.