Анжэліна (праз сон). А-а, а-а, лялечка мая.
Дзед (углядаецца на яе). Неспакойна сьпіць дзіця. (Закашляўся).
Анжэліна (абуджаецца, падняла галаву).
Дзед. Сьпі, галубка.
Анжэліна. А ў мяне лялькі. (Глядзіць на падушачку, паглядзела вакол сябе). А дзе лялька?
Дзед. А дзе-ж яна павінна быць?
Анжэліна (усхапілася). Дзедка, яны-ж тут былі. Дзьве ўцяклі, а тая ў ружовенькім была са мною. (У непаразуменьні паглядае вакол). Дзе яны?
Дзед. Гэта-ж табе, мусіць, прысьнілася.
Анжэліна. Прысьнілася… (Заплакала). Чаму гэта мне толькі сьніцца? Няхай-бы гэта было сапраўды.
Дзед. Лялькі-ж няжывыя. Як-жа яны могуць прыйсьці? Ня могуць, галубка.
Анжэліна. Нашто мне гэты сон! Ён толькі падманвае мяне.
Дзед. Ціха, ня крычы, здаецца прачнулася бабка.
Бабка (з-за шырмы). Хто гэта там крычыць?
Дзед. Вось чуеш?
Анжэліна. Дык што-ж я вінавата, што мне прысьніўся такі сон.