ЯНКА КУПАЛА—ПЯСЬНЯР ВЫЗВАЛЕНЬНЯ
(Крытычна-біографічны нарыс)
На сходзе дзевятнаццатага сталецьця беларуская літаратура мела ўжо пад сабою досыць моцны грунт і багатую глебу для далейшага свайго разьвіцьця. Творчасьць Ф. Багушэвіча, Янкі Лучыны і інш. пусьціла глыбокае карэньне ў рады маладое беларускае дробнашляхецкае і розначыннае інтэлігенцыі. Студэнцтва вышэйшых устаноў, якое лёгка паддавалася ўплыву ідэі політычна-экономічнага вызваленьня, спачуваюча сустракала ідэю нацыянальнага вызваленьня Беларусі, якое выяўлялася ў тыя часы галоўным чынам у разьвіцьці беларускага пісьменства. Праца нацыянальна-соцыялістычных партый у Беларусі, як ППС, Бунд, С-Д Літвы і Польшчы, а таксама належная ўвага нацыянальнаму пытаньню ў програмах агульна-расійскіх соцыялістычных партый спрыялі шпаркаму павялічэньню прыхільнікаў беларускага нацыянальна-культурнага вызваленьня. Гурткі беларускіх студэнтаў у Пецярбурзе, Маскве, Менску і інш. упяршыню выяўляюць сабою пачатковыя організацыйныя формы гэтага руху.