праграма яе сустракала спагаду й падтрыманьне. Монолітная маса некалькіх сотняў беларускага пролетарыяту надзейна брала пад свой ахоў беларускі рэволюцыйна-культурны рух. Гэта заўжды адмячалася ў выступленьнях, пастановах і рэзолюцыях беларускіх рабочых у Пецярбурзе. На мітынгу Б. С. Г., які адбыўся 1 чэрвеня 1917 г. ў будынку Пуцілаўскага заводу, і на якім было звыш 300 рабочых, была ўхвалена вось якая рэзолюцыя: «Вітаючы лёзунг «вольнае самаўсьведамленьне» мы, беларусы-рабочыя Нараўскага райёну, бяром яго пад сваю ахову і лічым яго адным з важнейшых пунктаў нашае праграмы. Побач з другімі і беларускаму працоўнаму народу павінна быць дадзена права на культурна-нацыянальнае самаўсьведамленьне... Толькі вольным злучэньнем паасобных нацыяў складаецца сіла й моц цэлай дзяржавы і толькі праз нацыянальнае ўсьведамленьне ёсьць пэўны шлях да Інтэрнацыяналу. Адабраньне гэтага права ад нацыяў і перашкоды на гэтым грунце на руку прыхільнікам гвалту ў самых жорсткіх яго праявах, а тактыка ўціску над нацыянальна-вызваленчым рухам толькі карысна рэакцыянэрам усіх толкаў і афарбовак.
Небясьпека для нацыянальнага самаўсьведамленьня беларускага працоўнага народу вельмі вялікая і пагражае яму з двух бакоў: з боку мясцовых польскіх землеўласьнікаў, буржуазіі і ксяндзоў, маючых на мэце прылучэньне Беларусі да Польшчы, і з боку чорнасотнікаў-расійцаў і мясцовых беларускіх перакінчыкаў, каторыя, захістаўшы сябе дэмократычнымі лёзунгамі, лемянтуюць аб гэрманскіх інтрыгах, пагражаючых адзінасьці Расіі.
Мы, беларусы-рабочыя Нараўскага райёну, як дзеці і сыны працоўнага дэмократычнага 10 ці мільённага беларускага народу, павінны ўзяць долю Беларусі ў свае рукі і абараніць яе ад гвалту, як польскага, гэтак і расійскага, вольна вядучы справу яе культурна-нацыянальнага адраджэньня.
Азнаёміўшыся з праграмаю Беларускае Соцыялістычнае Грамады, як партыі, маючай сваім грунтам інтэрнацыянальны рэволюцыйны соцыялізм, прызнаём яе сапраўднай паказчыцай волі працоўнага беларускага народу і становімся пад яе штандар змаганьня за соцыялізм, за інтэрнацыянал, праз самаўсьведамленьне ўсіх народаў наогул і беларускага ўасобку».[1]
Гэта і другія падобныя рэзалюцыі былі адказам тай завірусе контррэволюцыйнай і кадэцка-эсэраўскай брахні на беларускі нацыянальна-соцыялістычны рух, якая ўсё вышэй і вышэй разьлівалася ў незабранай Беларусі і ў сталіцах. Збоку сьвядомых пролетарскіх беларускіх колаў, якія бачылі ў беларускім руху выяўленьне рознастойнай свабоды, а пасьля, у кастрычніку, падмацаванай «Дэклярацыяй правоў прыгнечаных», мусілі атрымаць належны адпор і паны-памешчыкі з ксяндзамі, падпаўшымі пад беларускі колер, і эсэры-кулакі, прабягаючыя на зьездах расійскую шовіністычна-мураўёўскую думку.
Беларусы-рабочыя ў Петраградзе добра разумелі, чым пахне цкаваньне нацыянальнага руху наогул. Яны разумелі, што хавалася ў нападах і гвалтах буржуйна-коаліцыйнага ўраду пад Фінлядыяй і подвігі розных Оберучавых[2] і Несьцеравых у Менску. Клясавы інстынкт падказваў рабочым, што ў загоне нацыянальнага руху наогул хаваецца ня што іншае, як за ядлая контр-рэволюцыя, хутка гатаваўшая карнілаўшчыну. І сьледам за пасыўным адпорам гэтаму наступу ў выглядзе рэзолюцыяў, яны паступова пераходзілі да актыўнага адбою ў выглядзе выступаў на зьездах, на сходах і спрэчак у сярэдзіне Б. С. Г.