ЗЬЯВА II.
ТЫЕ-Ж І ПАДАРОЖНЫ — /высокі, худы, с тварам худым і высахшым, у доўгіх ботах і сьвітцы, шырока на адным плячы раздзёртай. На рыжэватых валасах і апратцы відаць крыху падаючаго на дварэ сьнегу/.
ПАДАРОЖНЫ. /Ўходзячы нясмела дзьверамі з сяней/. Слава Хрысту!
УСЕ. На векі вечные!
ПАДАРОЖНЫ. Пане гаспадару і пані гаспадыня! Ласкі вашай прашу, дазвольце гадзінку ў хаці вашай пасядзець… Сагрэюся і далей пайду — доўга дакучаць вам ня буду.
СЫМОН МІКУЛА. Просімо! Заходзце і пасядзіце.
КРЫСТЫНА. Чаму не? Зайдзеце, калі ласка, пасядзеце сабе і пагрэйцеся! /Да Янкі/. Падай дзядзьку ўслончык!.. /Падарожны садзіцца на ўслоне перад агнем, кій з жалезным на канцы акуцьцём стаўляе міжы кален і крэпка заціскае чырвоные ад сьцюжы рукі/.
ПАДАРОЖНЫ. Ой, зімна, зімна!
АЛЯКСЕЙ. Ага! Паспытаў і я гэтаго сягоньня, вертаючыся з мястэчка. Вецер сягоньня такі, што, здаецца, вось ухопіць і на канец сьвету панясе.
ПАДАРОЖНЫ. /Жартам/. Асабліва, калі чэлавек з голаду лёгак.
МІКУЛА. /Да Падарожнаго/. Галодны, вашэ?