Хіба сьцяну зубамі прагрыз, ці што.
ПАДАРОЖНЫ. /Спакойна/. Да не.
БОНДАР. То як-жэ. Каб і крату жалезную ў вакне перэпілаваў, ды праз такое высокае вакно на каменьні скокнуў, то і дух вон бы яму выляцеў, і касьцей не сабралі-б…
ПАДАР. Ён і не скакаў праз вакно, але выляцеў.
АЛЯКСЕЙ. Хіба на чортавых крыльлях?
ПАДАР. Не на крыльлях.
АЛЯКСЕЙ. То хіба на лапаці?
ПАДАР. На парасоні.
БОНДАР, АЛЯКСЕЙ, НАСТА, ЯНУК. /Разам/. На парасоні? Дзіва, ды-й толькі!
ПАДАР. Хто ня ведае — камэдыя, а хто ведае — ані чагусенькі. Сказаць, як ён рабіў — Рысь той, калі с турмы ўцекаў. /Бярэ кіёк свой, каторы перад тым быў пастаўлены каля сьцяны, і, апаведаючы, вымахівае кіём; жалезнае акуцьцё на канцы кія пры блеску агня зіяе чыстым жалезам/. Узяў вялікі парасон, распусьціў яго во — гэтак, і гоп з вакна. Парасон спускаўся на зямлю памаленьку, спусьціўся ажно да самай зямлі, а той Рысь грымнуўся аб камень… Косьці заляскалі, ў вачах агні здаліся, але нішто, добра! Лахі пад пахі і гайда ў сьвет шырокі, вольны! Парасон той знайшлі каля турмы, хутка знайшлі, але яго дарма тры гады шукалі і… цяпер шукаюць… Ха-ха-ха! /Момэнт маўчаць усе/.