чакай-жа, я-ж табе не дарую гэтай штукі, — не цяпер, то ў чацьвер. (Вітаецца). Дзень добры, пане Пратасавіцкі! Здарова, пані Пратасавіцкая! (Цалуе яе ў руку). Відно, відно, — дзякуй Богу! Здаровы, як рыжкі баровы… А я к вам з вялікаю навінаю. Ня ведаеце? Толькі што пан асэсар прыехаў, а такі сярдзіты, — не дапускай, Госпад! Як ліхі татарын. Як толькі ўехаў у ваколіцу ды стаў каля Бэркі, дык зараз і закрычаў: дзесяцкіх, соцкіх! Сабраць усю шляхту да Ціхона Пратасавіцкага ды каб Іван Цюхай-Ліпскі прышоў з сынам туды-ж.
Ціхон. Хрэн яму ў ночы, — будзе бяда, будзе! Гэты сабака, Ліпскі, падаў на мяне ў суд, што я яго адлупцаваў, дык вот і асэсара прыслалі. Ну абдзярэ, як ліпку!
Куторга. Вот дзіва, — на тое ён і асэсар! Заўваж толькі — у яго й рукі даўжэй, як у другіх людзей. Ты ведаеш яго прыказку: чырвонае-белае ўсё перадзелае.
№ 3.
Гдзе унадзіцца юрыста, |
Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Добра табе прастарэкаваць, калі няма на шыі бяды. Ось скажы лепш, што рабіць? Пане Куторга, ты-ж такі пісьменны чалавек, — можаш падаць разумную раду.
Куторга. А прымеце-ж чэсна маіх сватоў да вашай Марысі?
Куліна. Бойся Бога, пане Куторга, — яна-ж яшчэ маладзенькая! Гэта-ж дзіця горкае.
Куторга. Дык чаго-ж чакаць! Гэта, кажуць, кепскі тавар: мый ды чашы, потым сьпяшы, — заплаці каму, каб вывез з даму.
Ціхон. Добра, пане Куторга, — бяры сабе дачку, і пасаг дам, толькі зрабі ласку: выцягні з бяды.
Куторга. Як чорта з балота.