Дружна, грамада, ў сардэчнай ахвоце,
Духам насілкі на плечы узьдзень!
Ох, толькі ноччу няспорна ў рабоце!
Узыдзі нам, соўнейка, прывядзі нам дзень!
Едуць к нам, едуць дарагія госьці —
Зямель шырокіх моцны гаспадар.
Верныя служкі пры яго мілосьці,
Дабра і шчасьця за ім доўгі шар.
Як хадзіў Пан Бог па земскай дарозе,
Кожын слаў сьвіту ды зялёну віць.
Што-ж разасьцелем мы сваёй ўспамозе?
Узыдзі нам, соўнейка, скажы, што рабіць!
Гдзе яго прымем? Чорная сьвятліца,
Залатых тканак ня судзіў нам Бог.
Што наймілейша — то матка-зямліца,
Жоўты пясочак на яе палёх.
Цябе-ж на плечах, зямля дарагая,
Велькаму госьцю пад ножкі нясу.
Ох, ды расою пясок прамакае!
Узыдзі нам, соўнейка, падбяры расу!
Зара-зарыца бяжыць ужо з неба,
Любачкі-зьвёзды бліснулі жывей.
З Богам, браточкі, канчайма, што трэба!
Лёгка на сэрцы і вачам сьвятлей.
Зарыца кажа: „Вы — Божыя дзеткі“;
Зьвёзды міргаюць: „Братам стане пан“…
Вот туман цёмны рынуў на палеткі.
Узыдзі нам, соўнейка, разгані туман!
Божае сонца бліснула на галі,
Дзяньку вялела гуляць на дварэ;
Шле да нас птушкі, каб пець памагалі,
Туман прагнала, расу падбярэ.
І наша сонца да нас прыбывае,
Дабро і шчасьце расьсявае ён…
Здароў будзь, велькі гаспадару края!
Здароў будзь, соўнейка! Паклон, о паклон!
1858 г.
|}