ўсёднаю ўсьмешкаю на высахлых вустах і з маршчынаватым дробненькім абліччам.
— Ну, Харытон, тут адпрасаваць добранька трэба… цэлую тройку… А там, можа, Госпад і яшчэ пашлець! Ды ведаеш, Харытон, добранька трэба падкалупіць таго… у навуку іншым-малым; хай ведаюць, як супроць закона хадзіць! — настаўляў старшына свайго стоража.
— Я… я… пастараюся, Мікітавіч! — закулдаячыў дзядок.
— Добра, знаем цябе! Хоць і стары, а ў гэтых штуках малайца за паяс заткнеш! Не дарма-ж каторы год у нас, дык справа знаёмая, — пахваліў старшына і неяк няпрыгожа ашчэрыўся.
Старасты кінуліся спаўняць загад свайго начальніка і зараз вінаватых аддзялілі ад груду людзей і завялі ў сенцы.
Сьцяпанава сэрца балюча сьціснулася, як глядзеў на гэтую расправу.
— Ну, да мяне яшчэ далёка — думаў ён; — я ні ў чым невінават.
Абсечаныя бедакі, заплаканыя, з ускалмачанымі валасамі і здурнелымі вачмі, пачалі былі кланяцца ў ногі старшыне, тады абы-каму з мужыкоў, бліжэй стаяўшых, і самаму сторажу, секшаму іх, прычым дэкляравалі паставіць гарэлкі, „колькі хоця“, але дзеля каго іменна паставіць, трудна было зразумець, бо й самі дэкляраваўшыя хіба што не разумелі, аб чым казалі. Яны многа-б яшчэ „надзівачылі“, каб старшына не загадаў вытурыць іх у карак на двор, каб і „пах іх ня пах“! Ачуняўшы ўжо на панадворку, бедакі сталі голасна клясьці і жадаць усякага паскудзтва пакрыўдзіўшым іх.
— Вось яшчэ, старшына, тройку знараджай! — ізноў пачуўся з канцэлярыі голас пісара.
— А каго ды каго?
— Восіпу Хралянку з сяла Лоз — 15 розак, Яхіму Капусьце з таго-ж сяла — 19 розак і Кастусю Пімянку з дзярэўні Аглабель — 10 розак…
Старшына загадаў старастам ізноў вывесьці ў сенцы „тройку“.
— Во пашло! Матачка мая родная! У Харытона, пеўна, рукі забаляць.
— Не, брат, на што-што, а на гэтую працу ў чалавека рукі не забаляць. Яшчэ горш, кажуць, заздрасьць бярэць.
— Глядзі, глядзі! лазоўцаў і аглаблёўца павялі!.. Ну, лазоўцам ад лазы ня будзець вялікай бяды — у лазе вырасьлі, а вось аглаблёўцу дык добрыя аглоблі загнуць, ха, ха, ха! — сьмяяліся ў грудзе людзей.