станець, сам паправіцца… Трэба-ж было-б к дохтару яшчэ звазіць“…
А дзядуля пасьля споведзі і душу выпусьціў, ня прыждаўшы доктара. Усе адразу прыціхлі, з нявераю пазіраючы адзін на аднаго, і раптам завылі й загаласілі на розныя галасы. Сьмерць нарабіла перапалоху ў хаце. Пабеглі людзей зваць абмываць дзеда, адсунулі стол з кута, разаслалі сяньнік на лаўцы, дасталі вопратку, што хавалі на дзедаву сьмерць. Абмылі дзеда, надзелі яму белую сарочку, белы балахон, зачасалі валасы й бараду, запалілі грамнічную сьвечку перад абразамі…
А сонца, схіляючысь да заходу, забегла касулькамі ў Мікітаву хату і скаўзанулась па твары мерцьвяца. Ляжыць дзед, ня міргнець вокам, сашчапіўшы на грудзёх свае загарэлыя мазольныя рукі.
Бабы абступілі дзеда, і хата перапоўнілася сумным, балючым выцьцём. Выцьцё гэтае расчуліла й мужчын і хлапцоў, яны прыхінуліся ля печкі, пахілілі галовы і ціха плакалі, абціраючы сьлёзы рукавамі сваіх сярмяг.
Маланка прыціскалася да дзедавых грудзей, цалавала яго рукі й выла:
Татачка, маё золата, |
ІІ.
..................................
— Што й казаць, хадзяйлівы быў чалавек, — гаварыў Янка Равун, перадаючы чарку Базылю Сапялю. — Ніхто, бывала, раней на поле ня выедзець… Пачнеш, бывала, гараць, думаеш: во, хвала Богу, сяньня ўсіх абганю, — глядзіш — з-за гары паказаваецца вараны конь, а за ім валіць Мікіта… Ну, сустрэнемся, паздароўкаемся, хвалім надвор’е. А ен: „Хваліць Госпада Бога, лянок ужо пасеяў“… Калі-ж ты пасьпеў? — „Ды во, кажаць, адвячоркам заскачыў… Што-ж, кажаць, кідаць, — трэба кончыць работу. Ну і пахаў, пакуль зара за лесам не схавалася“…
— Да працы найлепшы быў чалавек, — згаджаецца і Мартын Капец. — Раз мы стаім побач на лагу: ён на сваім шнурку, я на сваім. Точым косы, зюкаем[1] аб надвор’і, аб кірмашы, аб грыбох, аб новым пісары. А Мікіта й кажаць: „Пойдзем у перагонкі“[2] — Што ты, кажу, уздумаў старыя косьці ламаць? — Ды во, кажаць, спомнілася, як быў малады… — Сталі мы поплеч.