палася вырвацца на сьвет. Жалобныя гукі перапоўнілі хату і хваляю пераліваліся з яе ў сенцы, на двор, на вуліцу, за ток. Ахопленыя гэтымі сьлёзнымі гукамі, і мужчыны ніяк не маглі не заплакаць. Дзеці равелі на руках у сваіх матак. І ўвесь гэты сумны скогат зусім заглушыў галасы бацюшкі й дзяка ў астатніх праводных маленьнях.
Асабліва адзначаўся голас нявесткі:
А куды-ж, дзядуля, сабраўся,
А з кім-жа ты нас пакідаеш,
А дзе-ж будзеш ночку начаваць,
А хто-ж табе пасьцельку пасьцеліць,
А хто дзядульку накорміць,
А хто дзядульку абагрэець,
А хто з дзядулькай пагукаець,
А хто дзядульку прызабавіць?
Хто-ж цябе будзець там сустрачаці,
Хто цябе будзець даглядаці,
Хто табе будзець піць даваці,
Хто табе пасьцельку будзець папраўляці?
Дзядульку-ў зямлю закапаюць,
Дзядульку крышкаю зачыняць,
Дзядулька вочак не адчыніць,
Дзадулька ручак не падымець,
Зямля дзядульку прыцісьнець…
|
Маланка зусім надарваным голасам выгукала:
Татулечка мой родненькі,
Татулечка, маё золата,
Татулечка — мая зязюлечка,
Згукай-жа Маланцы хоць славечка,
Адчыні вочкі хоць трошачку,
Пажалей Маланку наастатачак.
Божухна мой, Божанька!
Я-ж буду плакаці-гараваці,
Што майго татулькі ня відаці…
Калі-ж цябе ў госьці дажыдаці,
Якой дарожкай сустрачаці?
|
— Ну, даволі, даволі вам плакаць… Даволі душу ірваць… Богу маліцеся, а ня плачце, — умаўляў бацюшка. — Прашчайцеся і закрывайце труну. Пусьціце рабятак… Ну, прашчайцеся, рабяткі, з дзедам! Падхадзіце, мужчыны! Іванавіч, адхіні баб!.. Ну во, так… Нясіце века![1]
- ↑ Крышку ад труны.