Галька. Гэтыя людзі з вышэйшага свету ўсе яны такія. Я чула, што яны, як паедуць заграніцу, дык не бяруць там шлюбу па нашаму, у касьцёле, а йдуць да нейкага чыноўніка, там расьпішуцца толькі і жывуць ужо, як муж з жонкай. Зусім як бальшавікі.
Уршуля. Ах, фі! фі!.. Што вы кажаце! Вось сорам!
Галька. Няма дзіва — усе яны бязбожнікі.
Уршуля. Пані Галена! Што я вас хацела спытацца… але ня ведаю як сказаць… трохі сорамна.
Галька. Ну?
Уршуля (саромліва апусьціўшы вочы). Ці як ужо пасьля шлюбу… і ўжо пасьля вясельля… дык вельмі страшна?
Галька. Ха-ха-ха! (сьмяецца і шапоча ей нешта на вуха).
Уршуля (млосна). Ах, ах! не кажэце! ах! як страшна!.. ах! я-бы ляпей пайшла ў манастыр, чымсь пазволіла…
Зьява 7.
Мяшочак, Уршуля, Галька, Пышка, Шышка.
Пышка (увайшоўшы, ціха да Шышкі). Ты з каторай?
Шышка (паказваючы вачыма на Гальку). Я з гэтай.
Пышка (паказваючы на Уршулю). А я з гэтай.
Шышка. Ну добра… (падыходзяць да жанчын, кланяюцца і вядуць за сцэну ў скокі)