Насцечка раптам саскочыла з пасцелі і кінулася ў кухню.
— А дзе тут якія непарадкі? — закрычала яна. — Ну, скажы, дзе што не так як трэба?
— Я ж на цябе нічога не кажу, матыль ты мой дарагі.
— Ой, дзевачкі, ён мне нічога не кажа, а сам пайшоў глядзець, што пасля мяне прыбіраць трэба.
Насцечка хапіла дзеда за камізэльку і пацягла з кухні ў пакой. Дзед рабіў выгляд, што ўпінаецца, а Насцечка рабіла выгляд, што не заўважае гэтага, і цягнула яго.
— Каб ты мне больш у кухню не хадзіў! — пішчала Насцечка. — Ты яшчэ хворы, чаму ты не ляжыш?
— Ой, я ўтаміўся, — прасіўся дзед. — Дай аддыхацца.
Насцечка пусціла яго. Ён сеў на канапу і сапраўды пачаў аддыхвацца.
— Нядобра, ліха на яго, калі да старасці далучыцца хвароба, — гаварыў ён па слову.
І от нарэшце Насцечка ўбачыла, што дзед аддыхаўся і бярэцца за тытунь, каб закурыць люльку.
— Ой, ты хітры, — сказала Насцечка.
— Чаму гэта я хітры? — запытаў дзед.
— Я ведаю, чаму табе не спалася сёння. Ты гэта не можаш прычакаць, каб скарэй ісці на вакзал спаткаць маму.
— Ой, дзевачкі! — запішчаў дзед, дражнячы Насцечку.
— Ты мяне дражніш таму, што я ўгадала, і табе ўжо няма чаго казаць больш.
Гэта была праўда, і дзед ціхом закурыў люльку. Яму, сапраўды, з паўночы не спалася, і ён, як малы, чакаў, каб хутчэй прыйшла раніца, калі ён з Насцечкай пойдзе на вакзал сустракаць дарагога і роднага чалавека. Учора была тэлеграма, што Насцечкіна мама прыедзе сёння зранку. Цяпер толькі што пачало днець, а маскоўскі поезд прыходзіў пасля паўдня. Пасмактаўшы крыху люльку, дзед сказаў такім тонам, каб Насцечка не заўважыла, што яна ўгадала, чаму яму не спалася:
— А нам жа яшчэ трэба прыгатавацца, каб усё было гатова к мамінаму прыезду.
— Ой! — крыкнула Насцечка.
— Дзевачкі! — піскнуў дзед.
— Ой, дзевачкі, — зарагатала Насцечка. — А мама вельмі любіць гарохавы суп, давай сёння зробім.
— Ну, давай.