Гэта старонка была вычытаная
Буду я над беднай нівай
Песні раніцэй спеваць
І ат мошкі, ат шкадлівай
Буду быдла пілнаваць.
Сяду ў поўдзень я на клеці
І хваліць я буду труд…
Не ганяйце ж мяне, дзеці,
Дайце, мілые, прыют.
Весна.
Йдзе весна ўжо, дзякуй Богу.
Згінуў снег с сырой зямлі;
Папсавала гразь дарогу,
Перэвалы загулі.
Сонцэ грэе, прыпекае.
Лёд на рэчцы затрашчаў.
Вецер цёплы падувае,
Хмар даждлівых ён нагнаў.
Вось і бусел паказаўся,
Гусі дзікіе крычаць;
Шпак на дубі раскрычаўся,
Жураўлі ужо лецяць.
І зіма, як дым, прапала;
Зеленеюць луг, паля.
Як ад бома ачуняла
Наша родная земля.