——— 11 ———
На шырыні падканцавоснага кола ў Грэнляндыі ляжаць тоўстыя пласты вечнага лёду, а ў Скандынавіі растуць харошыя лясы. На шырыні 60° пн. у Эўропе ў Бэргене сярэдняя тэмпэратура году +7°, а ў Азіі у м. Алекмінску −7,6°. У Азіі і ў Амэрыцы на шырыні 50° пн. пануюць тундры, ральніцтва немагчыма, і сярэдняя тэмпэратура году на Сахаліне й на Лябрадоры ніжэй за 0°, а ў Эўропе на тэй самай шырыні на Рэне сярэдняя тэмпэратура году каля +10°, добра растуць пшаніца, пладовыя дрэвы, а месцамі і вінаграднік[1]).
Галоўнай прычынай гэтай перагрэтасьці Эўропы зьяўляецца магутны морскі вадаток Гольфштром, што цячэ па Атлянтычным акіяне ад берагоў раўніковай Амэрыкі ў кірунку да берагоў Заходняй Эўропы і прыносіць у эўропэйскія моры цёплую раўніковую ваду.
Дзякуючы Гольфштрому, Барэнцава мора каля самых паўночных берагоў Эўропы ніколі не замярзае, таго часу як на Белым моры, да якога не дасягае Гольфштром, лёд паўгода перашкаджае параходнаму руху. Асабліва лёгка прасачыць уплывы Гольфштрому ўзімку, бо ўзімку сухазем’е моцна ахалоджваецца, а мора, дзякуючы Гольфштрому, і ўзімку мае бязмаль такую самую тэмпэратуру вады, як і ўлетку. З гэтай прычыны ўзімку Эўропа зьяўляецца асабліва моцна перагрэтай параўнаўча з Паўночнай Азіяй і Паўночнай Амэрыкай, а розьніца паміж зімой і летам у Эўропе меней, як ува ўсіх іншых частках сьвету, што ляжаць на тэй самай шырыні.
Роўнасьць і вільгатнасьць эўропэйскага клімату ў значнай меры залежыць ад перавагі ў Эўропе заходніх вятроў. Эўропа ляжыць на ўсходнім беразе Атлянтычнага акіяну, значыць заходнія вятры прыносяць у Эўропу надморскае паветра. Улетку, як ведама, вада награваецца ня гэтак моцна, як сухазем’е, дзеля таго ўлетку заходнія вятры прыносяць нам з мора прахалоду, зьмяншаюць сьпякоту. Узімку вада ня так хутка ахалоджваецца, як сухазем’е, робіцца цяплейшай за яго; узімку заходнія вятры прыносяць у Эўропу цяплыню, зьмяншаюць вострасьць маразоў.
Часта з заходу на Эўропу надыходзяць так званыя цыклёны, якія таксама прыносяць узімку сьнег і адлігу, а ўлетку — прахалоду й дождж. Паветра ў цыклёнах імкнецца з усіх бакоў да асяродку, а з асяродку ўздымаецца ўгару і ахалоджваецца, прычым вадзяная пара згушчаецца ў хмары і выпадае ў стане сьнегу або даджду. Цыклёны захапляюць вялізныя кругі ў некалькі тысяч вёрст у папярочніку і на Заходнюю Эўропу насоўваюцца адзін за адным, так што кожны кавалак яе блізка заўсёды знаходзіцца ў межах якой-небудзь часткі цыклёну.
Зразумела, што ўплывы Гольфштрому і заходніх вятроў мацней адчуваюцца ў Заходняй Эўропе, чымся на Ўсходзе. Асабліва перагрэтымі зьяўляюцца тыя часткі Эўропы, што ляжаць каля самага мора; на ўсход
- ↑ Градусы тэмпэратуры паўсюды па Цэльсію.