——— 12 ———
сярэдняя тэмпэратура году зьмяншаецца, і па той бок Уралу зьяўляецца ўжо ніжэйшай за сярэднюю тэмпэратуру ўсіх мясцовасьцяй, лежачых на тэй самай шырыні.
Каб выразьней выявіць асаблівасьці клімату розных старонак на картах, мясцовасьці з аднальковай сярэдняй тэмпэратурай (гадавой або месячнай) злучаюцца гэтак званымі роўнацёплымі лініямі (ізотэрмамі). У Эўропе гадавыя роўнацёплыя лініі цягнуцца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Самыя цёплыя часткі Эўропы ляжаць на паўднёвым захадзе, самыя халодныя — на паўночным ўсходзе. Асабліва вялікая розьніца між захадам і ўсходам узімку (чаму?). Роўнацёплыя лініі самага халоднага месяца (студзеня) цягнуцца ў Эўропе яшчэ пад большым кутом да роўналежнікаў з паўночна-паўночнага захаду на паўднёва-паўднёвы ўсход. (Дзе ў Эўропе зіма найцяплейшая й дзе найболей сьцюдзёная?) Улетку наадварот — роўнацёплыя лініі (напрыклад, самага цёплага месяца ліпеня) цягнуцца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, бо ўлетку Ўсходняя Эўропа награваецца мацней за Заходнюю й адзначаецца большай цёпласьцю. (Чаму? У якой частцы Эўропы найцяплейшае лета? У якой самае халоднае?) Розьніца паміж тэмпэратурай лета й зімы павялічваецца з захаду на ўсход[1].
- ↑ На шырыні 56° пн. Эдынбург (на захадзе) мае тэмпэратуру самага цёплага месяца +14,6°, а самага халоднага +30°; (розьніца=11,6°) Казань (на