——— 30 ———
ва ў тайзе, але вывазу яго адтуль да гэтага часу перашкаджалі адсутнасьць дарог і вялікая адлегласьць тайгі ад старонак, патрабуючых дрэва. З гэтай прычыны галоўнымі дастаўнікамі дрэва і драўляных вырабаў у бязьлесныя старонкі былі Беларусь, Скандынавія й багатыя на лес горныя схілы Альпаў і Карпатаў.
Да промыслаў нясельскіх належаць такія, якія могуць існаваць толькі пры супольнай працы многіх людзей; гэткія промыслы патрабуюць значнай гушчыні залюдненьня й не залежаць ад колькасьці вольных, шырокіх прастораў. Сюды належаць: нетракапальная прамысловасьць, фабрычная прамысловасьць, рамёслы, гандаль. Як нетракапальная, гэтак і фабрычная прамысловасьць залежаць перш за ўсё ад колькасьці падземнага багацьця краю — карысных мінэралаў. З таго часу, як на фабрыках пачала ўжывацца сіла пары (XIX в.), красаваньне прамысловасьці залежыць галоўным чынам ад колькасьці каменнага вугалю. У Эўропе галоўныя запасы каменнага вугалю знаходзяцца на захадзе, асабліва ў Паўночна-Заходняй Ангельшчыне, у Бэльгіі, у Нямеччыне, у Шлёнску, а на ўсходзе — у Данеччыне на Ўкраіне. У багатых на вугаль краінах прамысловасьць знаходзіцца ў асабліва выгодным становішчы, у іх і гушчыня залюдненьня найвялікшая. Здабываньне жалезнай руды таксама найболей пашырылася ў Ангельшчыне, Францыі, Нямеччыне, потым у Бэльгіі, на поўначы, на Урале і ў Крывароскай ваколіцы на Ўкраіне. На поўначы і ў нас на Беларусі жалеза трапляецца ў стане балотнай або вазёрнай руды. На ўсім сьвеце толькі Паўночная Амэрыка можа спрачацца з Эўропай па колькасьці пакладаў каменнага вугалю й жалеза.
Радзей у Эўропе сустракаецца мядзяная руда, але ў Нямеччыне, Польшчы, Ангельшчыне, Карэліі знаходзяць і медзь. Меней важнымі зьяўляюцца паклады цынкавай руды, запасы волава, цыны, мангану й жывога серабра, але й з гэтага боку нашая частка сьвету займае не апошняе месца.
Што тычыцца да дарагіх мэталаў і дарагіх каменьняў, дык іх у Эўропе ня лішне многа. Золата знаходзяць на Урале, серабро — у Нямеччыне, Швэдзіі, плятыну — толькі на Урале. Плятыны нават на Урале вельмі мала, але гэта вельмі рэдкі мэтал, і на ўсім сьвеце Урал па здабываньні яе займае першае месца.
Недахват дарагіх мэталаў не адбіваецца на гаспадарцы Эўропы. Наагул, паклады іх могуць толькі часова падняць дабрабыт чалавека ў тэй краіне, дзе іх знаходзяць, бо запасы іх хутка вычэрпваюцца, а капальні праз хуткі час прыходзяць у заняпад.
У апошнія часы заўважваецца ўзрастаньне запатрабаваньняў на вадкі апал. Дзеля гэтага вялікую значнасьць набываюць запасы й крыніцы нафты, з якой дабываюць газу, бэнзыну й мінэральны алей. У Эўропе болей за ўсё трапляецца нафты ў Карпатах — ува Ўсходняй Галічыне й Румыніі, ёсьць нафта на Керчанскім паўвостраве, у Крыме й на крайнім паўночным усходзе Маскоўшчыны (ухценская нафта).